Наталля была затрымана ў чэрвені 2021 года па падазрэнні ў планаванні падпалу лесанарыхтоўчай тэхнікі. Затрыманне адбылося ўвечары прама на тэрыторыі лясгаса, куды яна прыбыла нібыта разам з саўдзельнікам Гардзеевым, які насамрэч выконваў заданне органаў дзяржаўнай бяспекі.
Па версіі абвінавачання, увечары 8 чэрвеня 2021 года Наталля разам з гэтым чалавекам вырабіла кактэйлі Молатава, з дапамогай якіх планавалася падпаліць тэхніку. Аднак злачынства не было даведзена да канца — Наталлю затрымалі да здзяйснення падпалу.
На судзе Наталля расказала, што апынулася ў складанай жыццёвай сітуацыі: у жніўні 2020 года быў затрыманы яе знаёмы, яна страціла бацьку і адчувала цяжкасці на працы. Яна таксама пацвердзіла, што сапраўды была ў чаце «АГСБ» і мела намер знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасе.
У снежні 2022 года яе прызналі вінаватай і прыгаварылі да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з прызначэннем буйнога штрафу.






























































































