Зміцер быў затрыманы ў ліпені 2021 года ў межах крымінальнай справы аб замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка па артыкуле "акт тэрарызму". Па версіі абвінавачання, ён распачаў "наўмысныя дзеянні, накіраваныя на падрыхтоўку да акта тэрарызму ў дачыненні да Азаронка". Разглядаліся розныя варыянты, у тым ліку — гвалтоўны прымус да запісу відэазвароту.
Зміцер стаў адзіным фігурантам справы, хто не прызнаў віну. На судзе ён заявіў, што ў злачынства яго ўцягнулі падчас следчага эксперымента. Паводле яго слоў, пасля затрымання да яго прымянялі гвалт і катаванні, прымусіўшы падпісаць чыстасардэчнае прызнанне. Падчас допытаў яму нанеслі сур'ёзныя траўмы рук, з-за чаго ён зараз не можа паўнавартасна працаваць. На першым паседжанні ён таксама заявіў аб жаданні адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, бо "не мае дачынення да тэрарызму".
У снежні 2022 года Дзмітрыя прызналі вінаватым і прыгаварылі да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама да буйнога штрафу.



























































