Раздзел I. Агульныя палажэнні
§ 1
1. Фонд падтрымкі палітычных вязняў «Dissidentby» («Фонд») дзейнічае на падставе Закона ад 6 красавіка 1984 года аб фондах і ў адпаведнасці з гэтым статутам.
2. Фонд створаны Заснавальніцай (Fundatorka) натарыяльным актам ад 15 лістапада 2021 года.
§ 2
1. Месцам знаходжання Фонду з'яўляецца горад Познань.
2. Фонд створаны на нявызначаны тэрмін.
3. Фонд дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Пры неабходнасці для дасягнення сваіх мэт ён можа дзейнічаць і за межамі Польшчы.
4. Фонд — юрыдычная асоба, галоўная мэта якой не атрыманне прыбытку.
§ 3
1. Фонд мае правасуб'ектнасць.
2. Нагляд за Фондам ажыццяўляе міністр, адказны за замежныя справы.
Раздзел II. Мэты і прынцыпы дзейнасці
§ 4
Місія Фонду — матэрыяльная, інфармацыйная і прававая падтрымка палітычных вязняў у Беларусі.
Мэты Фонду:
- сацыяльная дапамога, у тым ліку дапамога сем'ям і людзям у цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама выраўноўванне іх магчымасцей
- дабрачынная дзейнасць
- прасоўванне роўных правоў жанчын і мужчын
- экалогія і абарона жывёл, а таксама абарона прыроднай спадчыны
- распаўсюджванне і абарона свабод і правоў чалавека, а таксама грамадзянскіх свабод, падтрымка развіцця дэмакратыі
- дапамога пацярпелым ад катастроф, стыхійных бедстваў, узброеных канфліктаў і войнаў у краіне і за мяжой
- дзейнасць на карысць еўрапейскай інтэграцыі і развіцця кантактаў і супрацоўніцтва паміж грамадствамі
- прасоўванне і арганізацыя валанцёрства
- выратаванне і абарона насельніцтва
- дзейнасць на карысць ветэранаў і людзей, якія зведалі рэпрэсіі
- дзейнасць на карысць сям'і, мацярынства, бацькоўства, а таксама прасоўванне і абарона правоў дзяцей
- інтэграцыя замежнікаў
- дзейнасць на карысць людзей з інваліднасцю
- спрыянне занятасці і прафесійнай актывізацыі беспрацоўных і людзей, якім пагражае звальненне
- аказанне бясплатнай юрыдычнай дапамогі і павышэнне прававой дасведчанасці ў грамадстве
- дзейнасць на карысць дзяцей і моладзі, у тым ліку арганізацыя дзіцячага і маладзёжнага адпачынку
- дзейнасць на карысць няўрадавых арганізацый
- сістэматычны маніторынг выканання правоў чалавека ў Беларусі
- дакументаванне і рэгістрацыя парушэнняў правоў чалавека
- аналіз і ацэнка прававой сітуацыі ў Беларусі
- маніторынг сітуацыі і правоў беларускіх бежанцаў у еўрапейскіх краінах
§ 5
Фонд рэалізуе свае мэты ў форме грамадска карыснай дзейнасці, у прыватнасці шляхам:
- збору актуальнай інфармацыі пра палітычных вязняў
- наладжвання кантакту з сям'ёй і сябрамі палітычнага вязня
- матэрыяльнай дапамогі сем'ям палітычных вязняў
- юрыдычных кансультацый для сем'яў, якія пацярпелі ад рэпрэсій
- інфармацыйнай падтрымкі
- дзеянняў, накіраваных на інфармаванне міжнароднай грамадскасці пра прававую сітуацыю ў Беларусі
- медыйнай дзейнасці, якая прыцягвае ўвагу да палітычных пераследаў у Беларусі
- вядзення сайта і сацыяльных сетак з актуальнай інфармацыяй пра палітычных вязняў
- супрацоўніцтва з праваабарончымі арганізацыямі, фондамі і ініцыятывамі ў Беларусі
- стварэння партнёрскіх сетак з няўрадавымі арганізацыямі і нефармальнымі групамі, статутныя мэты і дзейнасць якіх падобныя да мэт і дзейнасці Фонду
- навучання па пытаннях прафесійнай адаптацыі, працоўнага права, права на пражыванне, асноў прадпрымальніцтва, мультыкультурнасці і культурных адрозненняў
- арганізацыі дабрачынных акцый, збору сродкаў і іншых мерапрыемстваў, даходы ад якіх ідуць на статутныя мэты
- правядзення трэнінгаў, стажыровак, майстар-класаў і курсаў
- арганізацыі пасяджэнняў, канферэнцый, лекцый, выстаў, дэбатаў і дыскусій, а таксама вядзення юрыдычнай дзейнасці
- выдачы пазык, аднаразовай дапамогі і ахвяраванняў у грашовай і натуральнай форме
- падтрымкі (фінансавай, натуральнай або арганізацыйнай) людзей, арганізацый і ўстаноў, якія маюць падобныя мэты
- супрацоўніцтва з валанцёрамі, прасоўвання і арганізацыі валанцёрства, а таксама стварэння валанцёрскіх каманд для рэалізацыі статутных мэт
- супрацоўніцтва з мясцовымі і міжнароднымі арганізацыямі, няўрадавымі арганізацыямі, установамі і людзьмі, якія маюць падобныя мэты
- прафесійнай падтрымкі і развіцця
- дапамогі замежнікам у адаптацыі да жыцця ў Польшчы
- дзейнасці па збліжэнні польскага і беларускага народаў
- распаўсюджвання сярод людзей іншых нацыянальнасцей ведаў пра польскае права, у прыватнасці працоўнае права, культурныя адрозненні, абарону свабод і правоў чалавека, грамадзянскіх свабод, развіццё дэмакратыі і мясцовага самакіравання
- збору, праверкі і публікацыі даных пра парушэнні правоў чалавека
- даследавання і публікацыі аналітычных справаздач пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі і сярод беларускіх бежанцаў у Еўропе
- супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і структурамі для агалошвання і прадухілення парушэнняў
- арганізацыі маніторынгавых місій і ініцыятыў па ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека
Раздзел III. Маёмасць і даходы
§ 6
Фонд як уладальнік валодае, карыстаецца і распараджаецца сваёй маёмасцю ў адпаведнасці са статутам.
Маёмасць Фонду складаецца з заснавальніцкага фонду ў памеры 4000 PLN (чатыры тысячы злотых) і іншай маёмасці, набытай Фондам у ходзе яго дзейнасці.
§ 7
1. Даходы Фонду паступаюць ад:
- ахвяраванняў, завяшчальных адказаў і спадчыны
- грантаў і субсідый ад юрыдычных асоб
- публічных збораў
- маёмасці Фонду
- працэнтаў і банкаўскіх дэпазітаў
2. Усе даходы, атрыманыя Фондам, выкарыстоўваюцца выключна для яго статутнай дзейнасці.
Раздзел IV. Органы кіравання
§ 8
Органам кіравання Фонду з'яўляецца Праўленне («Праўленне»).
§ 9
1. Першае і наступныя праўленні прызначае Заснавальніца.
2. Праўленне складаецца з 3–5 чалавек, уключаючы Старшыню, якіх прызначае Заснавальніца тэрмінам на 5 гадоў.
3. Старшыню Праўлення абіраюць простай большасцю галасоў пры ўдзеле ўсіх членаў Праўлення на пасяджэнні членаў Праўлення на тэрмін паўнамоцтваў, гэта значыць на 5 гадоў. Кандыдат на пасаду Старшыні можа вылучыць сябе і галасаваць за сябе.
4. Члены Праўлення, у тым ліку Старшыня, могуць абірацца болей чым на адзін тэрмін. Членства ў Праўленні спыняецца ў выпадку:
- пісьмовай заявы аб адстаўцы, пададзенай у Праўленне
- страты грамадзянскіх правоў у выніку судовага прыгавору за злачынства, які ўступіў у сілу
- смерці члена Праўлення
5. Праўленне або асобных яго членаў Заснавальніца можа адклікаць датэрмінова па рашэнні, прынятым аднагалосна ўсімі членамі Праўлення.
§ 10
1. Праўленне кіруе дзейнасцю Фонду і прадстаўляе яго вонкі.
2. Да кампетэнцыі Праўлення належаць:
- штодзённае кіраванне дзейнасцю Фонду
- рэалізацыя статутных мэт
- падрыхтоўка планаў работы і бюджэтаў
- кіраванне маёмасцю Фонду
- прадстаўленне Фонду вонкі
- наём персаналу і вызначэнне яго аплаты працы
- падача Заснавальніцы хадайніцтва аб змяненні статута
- падача Заснавальніцы хадайніцтва аб зліцці або ліквідацыі Фонду
3. Штогод Праўленне абавязана прадстаўляць Заснавальніцы гадавую справаздачу пра дзейнасць.
§ 11
Да задач Праўлення належаць:
- вызначэнне асноўных напрамкаў дзейнасці Фонду
- нагляд і кантроль за дзейнасцю Фонду, у прыватнасці кантроль за яго маёмасцю
- зацвярджэнне гадавых справаздач Праўлення пра дзейнасць
- адкліканне членаў Праўлення, у тым ліку Старшыні
- прыняцце рашэння аб змяненні статута
- прыняцце рашэння аб зліцці з іншым фондам
- вырашэнне ўсіх іншых пытанняў, не аднесеных да кампетэнцыі іншых органаў
§ 12
1. Пасяджэнні Праўлення праводзяцца па меры неабходнасці і не радзей за адзін раз на год.
2. Пасяджэнні Праўлення склікае Старшыня, які паведамляе пра дату электроннай поштай або, калі гэта немагчыма, заказным лістом не менш чым за 3 дні да пасяджэння.
3. Усе члены Праўлення павінны быць праінфармаваныя пра пасяджэнне.
4. Праўленне прымае рашэнні простай большасцю галасоў пры прысутнасці не менш за палову сваіх членаў, калі статут не прадугледжвае іншага. Пры роўнасці галасоў вырашальным з'яўляецца голас Старшыні.
5. У апраўданых выпадках асобныя члены могуць галасаваць з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі.
§ 13
Старшыня Праўлення:
- прадстаўляе інтарэсы Фонду перад усімі ўстановамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі
- прадстаўляе Фонд перад органамі дзяржаўнай улады, мясцовым самакіраваннем і ўсімі дзяржаўнымі і муніцыпальнымі арганізацыямі
- распараджаецца маёмасцю Фонду ў адпаведнасці з яго статутнымі мэтамі
- арганізуе бягучую дзейнасць Фонду
- вядзе ўлік, бухгалтарыю і справаздачнасць
- заключае, змяняе і спыняе працоўныя дагаворы з работнікамі, дагаворы з валанцёрамі і іншыя дагаворы з трэцімі асобамі
§ 14
Два члены Праўлення, якія дзейнічаюць сумесна, упаўнаважаныя рабіць волевыяўленні ад імя Фонду, у тым ліку ў маёмасных пытаннях.
Раздзел V. Заключныя палажэнні
§ 15
Праўленне змяняе статут абсалютнай большасцю галасоў пры прысутнасці не менш за палову членаў, якія маюць права голасу. Змена можа тычыцца мэт, вызначаных у акце аб заснаванні.
§ 16
1. Фонд можа зліцца з іншым фондам, каб эфектыўна рэалізоўваць свае мэты.
2. Зліццё не можа адбыцца, калі б у яго выніку мэты Фонду былі істотна змененыя.
3. Рашэнні пра зліццё з іншым фондам прымае Праўленне абсалютнай большасцю галасоў пры прысутнасці не менш за палову членаў, якія маюць права голасу.
§ 17
1. Фонд ліквідуецца, калі яго мэты дасягнутыя або калі яго фінансавыя сродкі і маёмасць вычарпаныя.
2. Праўленне паведамляе пра ліквідацыю міністру, адказнаму за замежныя справы.
3. Рашэнне аб ліквідацыі прымае выключна Заснавальніца.
4. Фінансавыя сродкі і маёмасць, што засталіся пасля ліквідацыі, могуць па рашэнні Праўлення перадавацца дзейным арганізацыям з падобнымі мэтамі.