Ірына працавала спецыялістам па продажах, а затым мэнэджэрам у «Анастане». Была асуджаная разам з дачкой і мужам.
Нагодай для крымінальнай справы стаў створаны сям'ёй відэаролік летам 2020 года з заклікам спыніць гвалт. Муж Генадзь на судзе распавёў, што ў адзін з дзён лета 2020 года, на эмоцыях ад убачаных у інтэрнэце звестак аб ужытым з боку супрацоўнікаў гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў, вырашыў запісаць відэазапіс са зваротам да супрацоўнікаў з заклікам да абгрунтаванага прымянення сілы. Прыдумаў тэкст выступу, пасля чаго папрасіў сваю дачку яго прачытаць. Таксама ён папрасіў жонку выказацца аб выбарах. У гэты ж дзень ён выказаў на відэа пажаданні аб далейшым лёсе краіны, у канцы свайго выступу таксама паказаў сімвал у выглядзе сэрца. Пасля гэтага ён знайшоў у інтэрнэце відэаролікі і змантаваў відэа. У гэты ж дзень адправіў яго некалькім сваім знаёмым і сваякам.


























































































