Зміцер, дырэктар кампаніі «Europcar», партнёра «Uber» у Менску, упершыню быў затрыманы ў лістападзе 2020 года па адміністрацыйным артыкуле за ўдзел у пратэстных акцыях, якія праходзілі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У другі раз ён быў затрыманы ў жніўні 2021 года ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па артыкуле «акт тэрарызму».
Паводле абвінавачання, з ліпеня 2020 года па студзень 2022 года ў Беларусі, Турцыі, Польшчы, Украіне і іншых краінах «дзейнічала арганізаваная злачынная група, мэтай якой было здзяйсненне экстрэмісцкіх злачынстваў. У групу ўваходзілі радыкальна настроеныя асобы, у тым ліку былыя і дзейныя вайскоўцы, супрацоўнікі сілавых структур, спартоўцы і бізнэсмэны, якія імкнуліся захапіць уладу незаконным шляхам».
Гэтая справа звязана з абвінавачваннямі ў спробе падпалу дома дэпутата Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года і «арганізацыі масавых беспарадкаў».
Змітра асудзілі па некалькіх крымінальных артыкулах, яму быў прызначаны вялікі тэрмін пазбаўлення волі і штраф, а таксама ён быў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі, на пяць гадоў.







































































