Уладзімір быў затрыманы 30 снежня 2020 года ў межах крымінальнай «справы Аўтуховіча» па абвінавачанні ў «падрыхтоўцы тэракту», аднак пазней гэтае абвінавачанне было знята. У траўні 2021 года яго асудзілі за «гвалт у дачыненні да службовай асобы». Следства сцвярджала, што пры затрыманні ён пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон.
Разгляд «справы Аўтуховіча» пачаўся ў траўні 2022 года. Падчас суда Уладзіміра некалькі разоў выдалялі з паседжанняў і адпраўлялі ў карцэр. На адным з чэрвеньскіх паседжанняў яго змясцілі ў клетку ў адной бялізне, прышпіліўшы рукі кайданкамі да кратаў. У адказ Уладзімір аб'явіў галадоўку, якую трымаў 11 дзён. Па гэтай справе ён быў асуджаны за «стварэнне злачыннай арганізацыі» і «замах на захоп улады».
У снежні 2022 года Уладзіміру прад'явілі новае абвінавачанне за абразу пракурора Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачанне па «справе Аўтуховіча», і дадалі дадатковы тэрмін. У выніку яго прыгаварылі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У кастрычніку 2023 года пераведзены на турэмны рэжым.





























































