44-гадоваму жыхару Іванава Аляксандру Дарагупцу інкрымінавалі пералік «экстрэмісцкім фармаванням», у тым ліку Палку Каліноўскага, грашовых сродкаў і крыптавалюты ў суме не менш за 11 тыс. рублёў.
Падчас расследавання крымінальнай справы мужчына "добраахвотна пералічыў" Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, Івянецкаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця і Рэспубліканскаму цэнтру арганізацыі медыцынскага рэагавання 600 тысяч долараў ЗША.
2 красавіка 2025 г. на АНТ выйшаў чарговы прапагандысцкі сюжэт "Цені. Кошт тэрору", дзе распавялі пра пераслед людзей за ахвяраванні і затрыманых за фінансаванне арганізацый, прызнаных уладамі "экстрэмісцкімі" ці "тэрарыстычнымі". У фільме паказалі некалькі асуджаных і тых, хто яшчэ чакае суда. Па сюжэце Аляксандра асудзілі, у тым ліку за донаты палку Каліноўскага, BySol, а таксама розным інфармацыйным рэсурсам. Прапагандысты называюць 18 данатаў на агульную суму не менш як тры тысячы еўра.












































