Мікіта быў затрыманы ў лістападзе 2021 года ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па артыкуле "акт тэрарызму" — па версіі следства, за прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў. Пазней яму канчаткова прад'явілі абвінавачанні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: "удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і "падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках".
У ліпені 2022 года Мікіту прызналі вінаватым у закліках да актыўнага ўдзелу, а таксама ва ўдзеле ў паслявыбарных акцыях пратэсту, якія прайшлі ў 2020 годзе ў Мінску, у тым ліку эпізоды "перакрыцця дарог". Следства таксама сцвярджала, што ён атрымліваў ад адміністратараў Telegram-чата "АГСБ" тэлескапічныя дубінкі і электрашокеры, а таксама інструкцыі для дыверсіі на чыгунцы.





























































































