Ярмошука ўпершыню па гэтай справе затрымалі 23 сакавіка 2023 года, пратрымалі трое сутак. Затым адпусцілі, але ўжо 11 чэрвеня 2023 г. зноў затрымалі і ўзялі пад варту.
Паводле абвінавачання, Ярмашук 1 сакавіка 2022 г запампаваў з сайта ItArmy of Ukraine некалькі файлаў, якія дазваляюць праводзіць DDoS-напады. Затым "не менш за 8 разоў" запускаў на сваім кампутары праграму, з-за чаго "парушалася сістэма абароны ад DDoS-атак" і "была парушана праца неўстаноўленых інтэрнэт-рэсурсаў Расійскай Федэрацыі". Такім чынам, на думку дзяржабвінавачання, Ярмашук "выкарыстаў шкоднасныя патэнцыйна небяспечныя праграмы". Таксама 19 жніўня 2020 г. Ярмашук праз Facebook перавёў каля 60 $ ініцыятыве BySOL. Праз 7 месяцаў (12 сакавіка 2021) беларускія ўлады прызналі фонд BySOL «экстрэмісцкім фармаваннем». Той факт, што на момант пераводу грошай BySOL не быў «экстрэмісцкім фармаваннем», дзяржабвінавачанне не бянтэжыць.
12.01.2024 адбылося апеляцыйнае паседжанне суда. Прысуд уступіў у сілу.



























































































