Іван, гомельскі актывіст і валанцёр «Краіны для жыцця», сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, пасля некалькіх затрыманняў, адміністрацыйнага арышту і ўзбуджэння дзвюх крымінальных спраў у 2020 годзе з'ехаў у Расію.
Знаходзячыся ў Калінінградзе, у красавіку 2021 года Іван быў затрыманы пры спробе перасячы мяжу з Польшчай. Па запыце беларускіх праваахоўнікаў яму прад'явілі абвінавачанні ў рамках крымінальнай справы па чатырох артыкулах, у тым ліку «тэрарызм». Аднак пасля праверкі расійскі бок зняў тры з чатырох абвінавачанняў. Праз год, 26 красавіка 2022 года, Іван выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе.
27 траўня 2022 года яго зноў затрымалі, а напрыканцы чэрвеня экстрадавалі ў Беларусь. Згодна з матэрыяламі справы, у 2018 годзе ён нібыта прысвоіў больш за 68 тысяч рублёў. Следства таксама адзначыла, што ў 2020 годзе Іван удзельнічаў у акцыях пратэсту, здымаў відэа і звяртаўся ў дзяржаўныя структуры.
У снежні 2022 года яго асудзілі за «махлярства». У красавіку 2024 года Івана зноў асудзілі па артыкуле «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».














