Арцём, актывіст анархічнага руху, быў затрыманы 4 жніўня 2021 года супрацоўнікамі ГУБАЗіКу. Пры затрыманні яны сустрэлі яго словамі "Сардэчна запрашаем у Гестапа!", пасля чаго збівалі, ставілі ў "ластаўку" і пагражалі згвалтаваннем, патрабуючы пароль ад тэлефона. На наступны дзень Арцёма асудзілі па артыкуле 19.1 КаАП (нібыта за агрэсіўныя паводзіны пры дастаўленні ў РУУС) і прызначылі 15-сутачны арышт, аднак пасля яго заканчэння ён на волю не выйшаў.
Першапачаткова Арцёму прад'явілі абвінавачанне па артыкуле "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". У студзені 2022 года яму і іншым фігурантам прад'явілі дадатковыя абвінавачанні - удзел у экстрэмісцкім фарміраванні за падпіску на тэлеграм-канал "Прамень". На момант затрымання канал яшчэ не быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў, што адбылося толькі ў лістападзе 2021 года.
У красавіку 2022 года Арцёма прызналі вінаватым і прыгаварылі да пазбаўлення волі ў калоніі.
Па падліках праваабаронцаў павінен быў выйсці на волю зімой 2026 года.

















