Аляксандр — актывіст анархічнага руху. Вучыўся спачатку ў каледжы па будаўнічай спецыяльнасці, потым у БНТУ па спецыяльнасці "Інжынерная геадэзія". З юнацкіх гадоў захапляецца спортам: гуляў у футбольнай камандзе DIY-лігі, займаўся тайскім боксам і альпінізмам.
Раніцай 29 ліпеня 2021 года Аляксандр быў затрыманы на выхадзе з дому. Пры затрыманні яго збілі, правялі ператрус, пасля чаго даставілі ў ГУБАЗіК, дзе падвергліся катаванням і збіццям.
Першапачаткова яго абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года ў Менску, хаця да таго моманту ён ужо адбыў адміністрацыйны арышт па гэтым эпізодзе.
У студзені 2022 года Аляксандру і іншым фігурантам крымінальнай справы прад'явілі дадатковыя абвінавачанні — удзел у экстрэмісцкім фарміраванні за падпіску на тэлеграм-канал "Прамень". На момант затрымання канал "Прамень" яшчэ не быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў - гэта адбылося толькі ў лістападзе 2021 года.
У красавіку 2022 года яго прызналі вінаватым і прыгаварылі да пазбаўлення волі ў калоніі. У красавіку 2025 года рэжым утрымання Аляксандра стаў больш жорсткім і ён быў пераведзены на турэмны рэжым. Пазней стала вядома, што суд дадаў яму яшчэ шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па артыкуле "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі".
Вызвалены вясной 2026 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.









