Ігар Капанайка — жыхар Беларусі, ваенны пенсіянер, быў асуджаны да 1,5 года пазбаўлення волі за тое, што заліў мантажнай пенай уваходныя дзверы кватэры супрацоўніцы органаў унутраных спраў, а таксама напісаў на паштовай скрыні фразу ў яе адрас пасля забойства Рамана Бандарэнкі.
Затрыманне
27 лістапада 2020. Званок у дзверы. Адчыняе жонка, яна збіралася на працу, пакуль я яшчэ спаў. Заходзяць чатыры мужчыны ў цывільным: “мы з міліцыі”. Ніякіх дакументаў не прад'яўляюць:
- Тут пражывае Капанайка І.І.?
- У чым справа? — я ўжо ўстаў і патрабую прад'явіць дакументы.
Неахвотна паказваюць корачкі двое з тых, хто прыйшоў. Хацеў папіць чаю — не далі. Далі толькі памыцца. У кватэры на той момант знаходзіліся жонка, яе мама і я. З павагі да мамы жонкі я не стаў супраціўляцца, бо бачыў яе твар і стан (бабулі на той момант было 79 гадоў).
Даставілі ў Фрунзенскае РУУС г. Мінска. Ад дачы паказанняў без адваката я адмовіўся. Прапанавалі праверку на паліграфе. Я пагадзіўся. Мне было цікава, як гэта ўсё праходзіць, бо я столькі пра гэта чытаў. Усё будзённа проста. Ноўтбук, датчыкі на цела, аператар, пытанні – адказы. Хвілін 30-40 на ўсё. Зноў прывозяць у Фрунзенскае РУУС г. Мінска. Цікавы момант: сяджу, чакаю адваката ў кабінеце ў операў, тут заходзіць мужчына ў цывільным і садзіцца насупраць мяне:
- Ану, сядзь нармальна! — камандуе ён. А я сяджу на крэсле нага на нагу. Ліхаманкавыя думкі: “Як мне быць?”. І тут жа ён мне:
- Ну што, стары ідыёт, нарабіў спраў? — гэта была псіхалагічная атака са спробай зламаць мяне хутка і адразу.
Але зразумеўшы, што бліцкрыг не ўдаўся, ён пачаў гутарыць са мной спакойным тонам. Прапаноўваў запісаць са мной відэа, што я прызнаюся ў зробленым і раскайваюся. Я адмовіўся. Мы гутарылі хвілін 20. Мне здавалася, што ён употай запісваў нашу размову на дыктафон. Цікава было слухаць і бачыць, як ён пачаў адказваць і выкручвацца на маё пытанне:
- Чаму па мне (за папсаваныя дзверы) узбуджана крымінальная справа, а па факце гібелі Рамана Бандарэнкі дагэтуль няма?
Праз нейкі час прыйшла мая адвакатка. Аказваецца, дзяжурны нахабна хлусіў ёй, што мяне тут няма. Думаю, што не па ўласнай ініцыятыве. І толькі калі адвакатка пачала пісаць заяву аб выкраданні чалавека супрацоўнікамі міліцыі, я знайшоўся.
Мы адмовіліся ад дачы паказанняў. Пасля чаго мяне пасадзілі ў шклянку — невялікае памяшканне, дзе я і прасядзеў да вечара. Ніякай ежы не давалі. Каля 18 гадзін вечара па мяне і іншых затрыманых прыехаў канвой. Першапачаткова затрыманы я быў па арт. 364 КК РБ. Калі мне надзявалі кайданкі і я назваў, па якім артыкуле затрыманы, мне здавалася, што мяне ўжо не давязуць да ІЧУ на Акрэсціна. Кайданкі мне заціснулі да мяжы.
У аўтазаку мяне пасадзілі ў вялікую шклянку. Там было 5 ці 6 штатных месцаў. Нас туды закінулі 9 чалавек. Я спрабаваў абурацца, але іншыя затрыманыя прасілі мяне супакоіцца, інакш могуць пачаць лупцаваць дубінай. Ехаць давялося 1,5 гадзіны, пакуль забіралі затрыманых з іншых РУУС. Мне здавалася, што яшчэ хвілін 20 — і я страціў бы прытомнасць ад духаты ў гэтай шклянцы…

Стыхійны мемарыял у "двары Перамен" у памяць пра Рамана Бандарэнку
У гэты час дома
Пакуль я сядзеў у кабінеце ў РУУС, оперы вярнуліся да мяне ў кватэру і правялі ператрус. Аказалася, што ні пры мне, ні падчас ператрусу не знайшлі мой тэлефон… Яны паехалі на паўторны ператрус. Відавочна, без панятых. У кватэры засталася толькі мама жонкі, а ёй, нагадаю, 79 гадоў, і яна далёкая ад юрыдычных тонкасцей. Тэлефон не знаходзіцца, і супрацоўнікі пачынаюць прэсаваць бедную бабулю. Як потым яна расказвала, палохалі тым, што ўсё перавернуць, падлогу і плінтусы пачнуць ускрываць, калі тэлефон не знойдзецца. Добра, што мая дачка прыйшла на абед і ўсё гэта заспела. А ў нас суседка-юрыстка. Пачынаюць разбірацца, што яны робяць і ці ёсць дакументы на паўторны ператрус. Оперы разумеюць, што трэба ўцякаць. У бабулі пад вечар узняўся ціск, на наступны дзень яе забрала хуткая з-за сэрца. У бальніцы яна заразілася covid і ў пачатку студзеня памерла.
ІЧУ Акрэсціна
Пасцель, ежу ўсё давалі. Ва ўсіх былі спальныя месцы. Многія з супрацоўнікаў хадзілі альбо без пагонаў, альбо выварочвалі іх, каб не было зразумела, якое званне.
Праз 3 дні мне перакваліфікавалі артыкул з 364 на 369 ("Абраза прадстаўніка ўлады") і 339 ("Хуліганства") КК РБ. Чаму? Яны былі ўпэўненыя, што знойдуць што-небудзь у маім тэлефоне. Не маючы ніякіх доказаў, ім давялося памяняць артыкул.

ІЧУ Акрэсціна, Мінск
Жодзіна
Аўтазакам у Жодзіна. У Жодзіне быў 2 разы: да суда і пасля. Натуральна, ганялі з пераездамі па камерах. У чарговы раз келяшуюць пераводзяць з камеры ў камеру. Заходжу ў хату, прадстаўляюся, хто я, адкуль і па якім артыкуле. Бачу на сабе недаверлівыя погляды. Адзін хлопец кажа:
- Дзед, нешта ты муціш.
А сярод гвалтаўнікоў чамусьці шмат трапляецца вось такіх, як я, пажылых мужчын (а мне ўжо шосты дзясятак ідзе). Іх ніхто не любіць, яны пра гэта ведаюць і спрабуюць пятляць (заўв., адыходзіць ад адказу, хаваць праўду). Хлопец працягвае:
- 339 — гэта хуліганка простая, табе гадоў пад сраку, звычайна такіх не закрываюць, нешта ты муціш… Давай расказвай, што зрабіў!
- Адной дрэннай цётцы дзверы запяніў, — кажу я.
- Ды ты што!! Мы цябе па тэліку бачылі ў “Зоне Х”, павага.
Жодзіна, турма №8, гэта цэнтр быдлізму. Таму тыя, хто быў там, называюць Жодзіна “Жопіна”. Рамонту няма нават самага элементарнага. Я быў у корпусе, які ўсе называлі “Тытанік“: усё трымаецца “на саплях”. Усе сцены і столі ў пацёках і аблупленай фарбе. Неяк спытаў у бывалых: “Чаму такая назва?”. Сказалі, што ўвесь час лопаюцца трубы і каналізацыя, і ўсё гэта пачынае цячы. Жахлівыя матрацы і падушкі — здавалася, што яны яшчэ з мінулага стагоддзя.
Стаўленне адміністрацыі да зняволеных, за рэдкім выключэннем, пагардлівае і зневажальнае. З усімі, як правіла, на ты. Было ў мяне нейкае парушэнне. Выклікалі з камеры ў асобны кабінет два супрацоўнікі, жанчына-капітан і мужчына-ст. лейтэнант, для напісання тлумачэння. Кажуць:
- Пішы тлумачальную.
- А хто вы такія, прозвішча і пасада? — пытаюся я.
- Называй нас грамадзянін начальнік.
- Раз вы прадстаўляцца не хочаце (тады быў час, калі яны баяліся свае прозвішчы свяціць), нічога пісаць не буду.
Паглядзелі коса, маўляў, борзы, і завялі ў камеру. Пайшлі неяк у лазню. Хлопец з тых, хто толькі заехаў, задае пытанне супрацоўніку:
- А колькі часу дасце на мыццё?
- Мыйся колькі хочаш, табе 15 хвілін.
На жаль, гэта не гумар, а цынізм. За снежань-студзень 2021 праехаў некалькі хат, ва ўсіх 20-25% людзей былі па палітычных матывах. Вельмі шмат у гэты час было нашага брата. Прычым большая палова з іх расказвала пра збіцці і здзекі падчас затрымання і пасля. Ежа як у турме — з голаду не памрэш. Медыцына — яе там няма. Калі ты яшчэ дыхаеш, значыць, яна табе не патрэбная. Часам хтосьці запісваўся ў санчасць, і калі яго ў гэты ці на наступны дзень выводзілі ў санчасць, ён лічыўся шчасліўчыкам…

СТ-8, Жодзіна
Валадарка
Этап з Жодзіна на Валадарку перад судом быў самы спакойны з усіх. Пасадзілі ў аўтазак, знялі кайданкі, і так ехалі крыху больш за гадзіну.
Валадарка. Шмат пра яе чуў у Жодзіне. Прыехаў і ўбачыў, што не ўсё так салодка, як расказвалі. Адміністрацыя значна больш адэкватная. Як правіла, на Вы і з павагай. Тут у многіх камерах заняты нават трэці ярус, месца значна менш, але затое амаль усюды быў тэлевізар. Тут ужо было значна больш інфармацыі пра тое, што адбываецца на волі. У першую чаргу за кошт таго, што ўвесь час нехта хадзіў на кароткатэрміновыя спатканні. Ежа прыкладна такая ж. Але тут нам, мінскім, пастаянна прыходзілі перадачы ад сваякоў. І гэта моцна выручала. Пасля суда, калі ў інтэрнэце з'явілася больш інфармацыі пра мяне, мне пайшлі лісты ад незнаёмых людзей. Блізкія пісалі мне рэгулярна. А тут папёрла. У дзень часам па 5-7 лістоў. Пацаны некаторыя нават злаваліся. Ім нічога, а нам, палітычным, адзін за адным.
Асабіста мне пісалі з Расіі, Польшчы, Прыбалтыкі, Ізраіля і, вядома, з РБ. Большасць выказвалі ўдзячнасць за мой учынак, прапаноўвалі дапамогу грашыма, падпіскай на газеты і часопісы, медыкаментамі. Пасля кожнага такога ліста я адчуваў велізарны прыліў сіл і яшчэ раз пераконваўся, што я ўсё зрабіў не дарма. Аднойчы прыйшоў ліст з Польшчы. Самога ліста няма, хутчэй за ўсё оперы канфіскавалі, а толькі фотаздымкі. Прычым я спачатку не зразумеў, пра што яны. Падышоў да аднаго з хлопцаў, паказваю фоткі — што да чаго, не разумею. А ён кажа: “Гэта людзі даслалі табе кадры са свабоднага жыцця, каб ты не зацыкліваўся на шэрых сценах, шконках, кратах на вокнах”. А там на фота пляж, мора і людзі загараюць, прыгожая жанчына выгульвае лабрадора, дзеці ідуць у школу, хлопец з дзяўчынай сядзяць у кавярні, абняўшыся…
Былі цяжкія моманты, я даставаў гэтыя фота і проста глядзеў на іх, і дапамагала. На жаль, ад каго былі гэтыя фота, я не ведаю, бо на канверце па-польску і неразборліва былі напісаны прозвішча і адрас. Аднойчы прыйшоў ліст з падзякай на адным баку, а з другога была напісана ад рукі вялікая малітва. Адрасант раіў насіць яе з сабой і ў цяжкія моманты чытаць. Гэты лісток растрапаўся, але быў заўсёды са мной. Я з ім і вызваліўся. Я ўпэўнены, што гэты ліст-малітва дапамагаў мне ўвесь тэрмін! А вось хто гэта напісаў, я не ведаю. Поўнага зваротнага адраса на ім не было, імя таксама…
Пошта на Валадарцы працавала добра. За 6-7 дзён ліст у Мінск хадзіў туды-назад. Пры тым, што з Жодзіна толькі да Мінска ліст ішоў 10-15 дзён. Можа, яны там цэнзараў набралі з 4 класамі адукацыі…? Ці аленяў не хапала для рэгулярнай адпраўкі… А хутчэй за ўсё, адмыслова цягнулі гуму.
Неяк я падпісаў лісты для маіх блізкіх фразай “Жыве Беларусь”. Лісты з-за гэтай фразы вярнулі і выклікалі да опера на гутарку. Ён тактоўна папрасіў мяне больш не пісаць такіх фраз у лістах — тады ўжо пачалі закручваць гайкі. А праз чатыры дні мяне павялі на камісію, дзе адміністрацыя за гэтую фразу прызнала мяне схільным да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці…
Да апошняга спадзяваўся, што буду асуджаны, але волі не пазбавяць. Хоць мая адвакатка сказала “не спадзявайся”. У яе я першы за 12 гадоў стажу, хто па ч. 1 арт. 339 да суда сядзеў у СІЗА.

СІЗА-1 па вул. Валадарскага, Мінск
Суд
Вядома, суд — гэта стрэс. Асабліва калі ты верыш у правасуддзе і парадачнасць суддзяў, а на справе ты ніхто, і ні факты, ні довады значэння не маюць. Ты пайшоў супраць сістэмы і ў любым выпадку павінен быць пакараны. Мала таго, я сяджу ў клетцы, і на мяне праз краты глядзяць мая мама, жонка, мае дзеці, сябры. Ад усяго гэтага я моцна перажываў, збіваўся з думкі, казаў не тое. Але я ведаў, што не маю права паказаць маім родным і блізкім, што я напалоханы і зламаны. Ім і так праз мяне дасталося звыш меры. А калі б яны ўбачылі, што я зламаўся, гэта перадалося б і ім. І гэтага я баяўся больш за ўсё. І, як мне здаецца, у большай ступені мне гэта ўдалося. Суд праходзіў два дні. Пасля першага дня пракурор запытвае для мяне 3 гады пазбаўлення волі — і гэта максімальны тэрмін па першай частцы арт. 339 КК РБ. Потым я зразумеў чаму. Як мне здаецца, задача была напалохаць мяне і маіх сваякоў. І гэта ў іх атрымалася. Самым страшным для мяне быў не запытаны тэрмін, а бачыць жах у вачах маёй мамы і жонкі і іх перажыванні. Паміж першым і другім днём суда прайшло каля 10 дзён. Усе мае блізкія сядзелі як на іголках. Па выніку — паўтара года пазбаўлення волі.
Пасля суда я яшчэ з месяц быў на Валадарцы. Гайкі палітычным пачалі закручваць мацней. Аднойчы ўвечары пасля адбою адчыняецца кармушка, і нейкі зэк падклікае да сябе старшага камеры. Як потым аказалася, гэта быў Чырык, смотрашчы за Валадаркай. І дае інструкцыю старшаму: “Палітычныя нам не сябры, сярод тваіх памочнікаў іх быць не павінна, а старшымі хат тым больш, на першы ярус іх не класці, толькі на другі і трэці”.
Зразумела, што гэта быў операўскі прагон, каб не толькі менты, але і звычайныя зэкі ціснулі на палітычных. Але скажу шчыра, большасць разважала цвяроза, і ніякіх разборак не было. У нас бачылі не шантрапу з гоп-стопам, а людзей з адукацыяй, моцнымі сем'ямі, кватэрамі, дастаткам. Большасць тых, хто сядзеў, не магла зразумець, навошта мы — з кватэрамі, дастаткам, сем'ямі — пайшлі супраць сістэмы. Іх галоўны дэвіз: шкварка і чарка ёсць, а болей і не трэба. Толькі зрэдку засланыя казачкі, як правіла, іх усе ведалі ў камеры, спрабавалі замуціць які-небудзь скандал на палітычную тэму. Было складана знаходзіць мяжу, каб цярпець трызненне, якое яны неслі, і не ўвязацца ў канфлікт, бо там страсці закіпаюць хутка. На Валадарцы тады нам, палітычным, было камфортна. У нас былі рэгулярныя перадачы, рэгулярныя атаваркі, лісты хадзілі вельмі хутка, інфармацыя з волі заходзіла рэгулярна, у кожнай камеры нас было 20-25%, і мы трымаліся дружна. Але нас трэба было неяк ламаць, ствараць дыскамфорт, таму і пачалі развозіць па іншых СІЗА.

Ігар Капанайка на судзе
Жодзіна-2
Зноў Жодзіна. На гэты раз там было яшчэ горш. У камеры, куды я трапіў, было на 2 чалавекі больш, чым спальных месцаў. Памяняў некалькі камер. Перавялі неяк у 236-ю на 4-ы паверх. Сутыкнуўся з жудаснай праблемай — па 3-4 гадзіны ў дзень няма вады. У камеры 15 мужыкоў. Задаю пытанне адміністрацыі СІЗА. Робяць выгляд, што ўпершыню чуюць пра праблему. А гэтай праблеме ўжо 2-3 гады, як потым мне расказалі бывалыя хлопцы. Тады я, як грамадзянін РФ, узяў і напісаў ліст са скаргай на адсутнасць элементарных санітарных норм у пасольства РФ: маўляў, гэта парушэнне правоў чалавека, прыязджайце, разбірайцеся. Ліст з СІЗА, вядома ж, не выпусцілі, а мяне на трэці дзень пасля гэтага адправілі на этап, у Магілёў.
Чарговы этап. Адразу на выхадзе перад пасадкай у аўтазак надзелі кайданкі. Гэта было нечакана. І толькі нам — палітычным. Тады гэта было ўпершыню:
- Чаму?
- Вы здзейснілі злачынства супраць МУС.
Цікавы атрымаўся момант у сталыпінскім вагоне. Заводзяць мяне і яшчэ аднаго хлопца ў кайданках у купэ сталыпінскага вагона. Там ужо сядзіць некалькі чалавек. Знаёмімся. Адзін хлопец у мяне пытаецца:
- Дзед, колькі ты чалавек паклаў?
- Нікога я не клаў.
Ён не верыць. Пытаецца:
- А навошта тады табе, старому дзядзьку, кайданкі надзелі? Коліся, што зрабіў?
Усе таксама прыціхлі, слухаюць. Я расказваю, ён не верыць. Праз нейкі час прыходзіць начальнік варты, называе ўсіх па прозвішчах, і ўсе кажуць свой тэрмін і артыкул. Я называю тэрмін паўтара года і артыкул “Хуліганства”. У хлопца адвісае сківіца — ён і іншыя не могуць паверыць у тое, што адбываецца. Ён пачынае напружваць старшага канвою:
- За што дзеду кайданкі надзелі?
Старшаму гэта надакучае, і ён пагражае надзець кайданкі і яму. А той:
- Ды мне пофіг, надзявай. Мне сорамна, што ў мяне 12 гадоў і я еду без кайданкаў, а дзед нічога такога не зрабіў, паўтара года вязе, і вы, беспрадзельшчыкі, яго ў бранзалеты закавалі.
Тады гэта толькі пачыналася, і ўсё было ў дзіўню нават канвою. З мяне знялі кайданкі толькі калі мы прыехалі ў СІЗА Магілёва. Гэта прыкладна праз 7-8 гадзін. Я лічу гэта парушэннем закона і здзекам з асуджаных. Сведак гэтага нямала. Мала таго, ва ўсіх палітычных перад этапам забіралі гадзіннікі, аднаразовыя станкі і запалкі. І аддавалі толькі праз 10-12 дзён.
Магілёў
У Магілёве быў каля месяца. Вялікія камеры. Ежа лепшая, чым у Жодзіне і на Валадарцы. Адэкватная адміністрацыя, толькі на Вы, рэжым без перагібаў. Палітычных крыху менш, але таксама хапала. Там заспеў операўскі прагон наконт палітычных. Малява прыйшла па “мокрай”, што палітычныя нам не сябры, іх старшымі хат рабіць нельга і ад іх трэба дыстанцыявацца. А ў нас у хаце старшым быў хлопец, які заехаў гаеваму па мордзе і быў на баку палітычных. У хаце было 18 чалавек. І вось 3-4 чалавекі ўвесь час муцілі ваду, падбухторваючы іншых, каб гэтага хлопца знялі са старшых камеры. Вельмі цікава было за ўсім гэтым назіраць. Як яны ні муцілі, у іх нічога не атрымлівалася. З Магілёва ў Гомель. Зноў кайданкі. Гадзін пяць не здымалі. Але да гэтага я ўжо быў гатовы. У Гомелі каля двух тыдняў і на канчатковы пункт — ПК-2 Бабруйск. Так, давялося пакатацца.

СТ-4, Магілёў
Бабруйск
ПК-2. У першы ж дзень днявальны каранціну правакуе мяне на канфлікт, я вядуся. І тут жа еду на пяць сутак ШІЗА. Гэта каронка ПК-2.. Пакуль ты не разабраўся, што пачым, на цябе трэба навешаць розных парушэнняў. Калі няма да чаго прычапіцца, яны прыдумаюць. Напрыклад, мужыка будуць накіроўваць на прыборку туалета. Зразумела, што ён адмовіцца. Адмова ад прыборкі — ШІЗА. Потым цябе робяць злосным парушальнікам рэжыму ўтрымання і ставяць на які-небудзь прафулік. Тыпу схільным да нападу на супрацоўнікаў або схільным да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці. А гэта значыць, што табе не свеціць ні УДВ, ні змена рэжыму, і толькі дзве базавыя на атаварцы. І гэта даводзіцца ўспрымаць як належнае. Дрэнна, калі ты спадзяешся, што цябе пранясе. Забудзь і будзь рэалістам. Калі ў цябе, палітычнага, не будзе спагнанняў і ты не будзеш злосным парушальнікам, спагнанні будуць у адміністрацыі калоніі.
На наступны дзень пасля выхаду з ШІЗА мяне павялі на камісію, дзе паставілі на прафулік як схільнага да нападу на адміністрацыю. Я пытаюся:
- А з якога…?
- У вашым злачынстве праявілася агрэсія да супрацоўнікаў.
Сістэма працуе. І, на жаль, да гэтага трэба быць гатовым. Мала таго, на цябе могуць напісаць тое, чаго не было. Вельмі папулярнае напісанне рапартаў, калі ты знаходзішся ў ШІЗА, што ты нібыта спаў, лежачы на лаўцы, у непрызначаны час.. Так было ў мяне. Так было ў многіх.
Любяць правяраць сумкі на адпаведнасць рэчаў і вопісу. У мяне так правяралі па 2-3 разы на месяц. Хоць у простых асуджаных могуць не правяраць па паўгода. За гэта я атрымаў сваё другое ШІЗА — 7 сутак. У ШІЗА па незразумелых мне прычынах не выводзяць на прагулку. Часам людзі сядзяць там па 30-40 сутак, па ліпавых рапартах, без выхаду на свежае паветра. Ёсць яшчэ адна папулярная гадасць ад адміністрацыі для палітычных. Яна любым спосабам павінна пазбавіць цябе доўгатэрміновага спаткання з блізкімі. Знайсці або прыдумаць якое-небудзь парушэнне, за якое цябе пазбавяць гэтага спаткання. Са мной было менавіта так. Перад самым спатканнем прыйшоў супрацоўнік і з усяго атрада, а нас было больш за 100 чалавек, вырашыў звярыць вопіс менавіта ў маёй сумцы…
Калонія чырвоная, як пажарная машына, казёл казлом паганяе. Ежа нармальная. Бытавыя ўмовы добрыя. У кожным атрадзе зроблены месцы для заняткаў спортам. Ёсць добрая бібліятэка. Адміністрацыя ў цэлым адэкватная, шмат маладых, зялёных хлопцаў, якія табе ў сыны годзяцца. І яны часам спрабуюць паставіць цябе на “шлях выпраўлення”. Але было відаць няўзброеным вокам, што асаблівая ўвага ў калоніі надавалася палітычным. Спалі мы толькі на другім ярусе. Нам прыдумвалі розныя прафулікі і дадатковыя праверкі. Толькі нам выдаваліся жоўтыя біркі, і мы заўсёды павінны былі стаяць на любым пастраенні ў першых шарэнгах. Амаль ніхто з нас не мог трапіць на доўгатэрміновыя спатканні. Адміністрацыя вяла схаваны ціск на іншых асуджаных, каб яны з намі не мелі зносін.
Да працы прыцягваюцца амаль усе. Асабіста я гэтаму быў рады — гэта рух. Вывад, з'ём, там зносіны з хлопцамі з іншых атрадаў. Час бяжыць. Навіны, абмен інфармацыяй. Мы, вядома, разумелі, што за намі сочыць не адна пара вачэй, і таму стараліся не свяціцца. Усе дзяліліся на дзве асноўныя групы. Адна выводзілася на прамзону, там шмат спецыяльнасцей. Яны працавалі 6 дзён на тыдзень па 8 гадзін. Атрымлівалі за гэта капейкі. Максімум рублёў 250 — гэта на швейцы. Былі і тыя, хто не атрымліваў нічога. Другая група — гэта вывад на УПСГ ( участак перапрацоўкі сырой гумы). Працавалі 4-5 дзён на тыдзень па 3-3,5 гадзіны. З кавалкаў гумы трэба было даставаць металічны корд. Тут патрабаваліся пэўныя навыкі і немалыя фізічныя намаганні. Таму амаль усе палітычныя працавалі на гэтым участку. За гэта таксама нічога не плацілі.
Асуджаныя ў ПК-2, Бабруйск
Вызваленне
Вызваленне ў спакойным рэжыме. Ператрус і нейкі час, 20-30 хвілін, чаканне ў клетцы. Ператрус асабістых рэчаў вельмі ўважлівы, але ўсё роўна я сёе-тое адтуль вынес… А вось усю маю перапіску, а была вялікая сумка з лістамі ад блізкіх і валанцёраў, у мяне забралі і правяралі без мяне, у суседнім памяшканні. Усё перавярнулі, але нічога не канфіскавалі. Далей мяне адвезлі ў аддзел міграцыі і давезлі да мяжы, адкуль я павінен быў дабірацца сам.
Дагэтуль Ігар знаходзіцца ў Расіі і афармляе дакументы.
