Асуджаныя за грамадзянскую пазіцыю сем'і

Асуджаныя за грамадзянскую пазіцыю сем'і

23 кастрычніка 2022

У турмах і калоніях Беларусі знаходзіцца мноства годных людзей. Калі ў зняволенні апыняецца блізкі чалавек — гэта ўдар па ўсёй сям'і, бо цяпер яна траціць амаль усе рэсурсы на тое, каб забяспечыць вязню/вязніцы доступ да юрыдычнай дапамогі, а таксама на адпраўку неабходных рэчаў, прадуктаў і лекаў. Але ёсць сем'і, дзе пад крымінальным пераследам апынуўся не адзін чалавек.  

1. Алена і Сяргей Маўшук

9 жніўня 2020 года пасля 20.00 жыхары Пінска прыйшлі да выбарчых участкаў, каб даведацца вынікі галасавання. Да 21.00 сабралося ўжо некалькі тысяч людзей. Уваход быў заблакаваны супрацоўнікамі РАУС. Для перамоў з горадам з ліку людзей, якія чакалі, адправілі 5 дэлегатаў. Праз 2,5 гадзіны прыехала сілавое падмацаванне, і людзей узялі ў кальцо без магчымасці пакінуць месца. Людзі вырашылі прарывацца, выкарыстоўваючы падручныя сродкі. Сілавікі адступілі, а пінчукі і пінчучкі разышліся па дамах. 10 жніўня людзі зноў выйшлі на пратэст, які скончыўся жорсткімі затрыманнямі. У гэты дзень былі затрыманыя Алена і Сяргей, якіх адвезлі ў ізалятар. Потым Алену перавялі ў СІЗА, а Сяргея адпусцілі пад хатні арышт. У пары ёсць адно агульнае дзіця, а ад папярэдняга шлюбу ў Алены засталося яшчэ двое дзяцей. 

Суд прысудзіў Алену да 6 гадоў пазбаўлення волі, а Сяргея — да 6,5 года. У дзень прысуду яго ўзялі пад варту. Сітуацыя з дзецьмі праз доўгі час вырашылася, і цяпер яны знаходзяцца ў сваякоў.

2. Надзея і Уладзімір Калач

2 жніўня 2021 года музыкаў фэнтэзі-фолк-гурта Irdorath затрымалі са стральбой на лецішчы пад Мінскам. Сярод іх былі лідары гурта — муж і жонка Надзея і Уладзімір Калач. Сужэнцы з'яўляюцца ўдзельнікамі гурта Irdorath, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку. Іх асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту. Тады музыкі выходзілі на вуліцы і выконвалі сваю музыку. 

Разам з імі таксама была затрыманая пара 3. Юлія і Пётр Марчанка. Іх асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі. 11 кастрычніка 2022 года сужэнцы выйшлі на волю. 

4. Любоў, Сяргей і Павел Рэзановічы

Сям'ю Рэзановічаў затрымалі 1 снежня 2020 года па “справе Аўтуховіча”. Любоў Рэзановіч раней валодала службай таксі, як і Аўтуховіч. Муж Любові Сяргей Рэзановіч — праваслаўны святар з вёскі Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна. На працу ездзіў з Брэста, настаяцелем у вёсцы быў з 2004 года. Павел Рэзановіч працаваў у аддзеле прымусовага выканання Ленінскага раёна г. Брэста. Іх абвінавацілі ў “пасобніцтве” Мікалаю Аўтуховічу. 

17 кастрычніка 2022 года ўсіх фігурантаў прысудзілі да вялікіх тэрмінаў зняволення. Так, Любоў Рэзановіч атрымала 15 гадоў пазбаўлення волі, Сяргей — 16 гадоў, а іх сын Павел — 19 гадоў. 

5. Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч 

Антаніна пазнаёмілася з будучым мужам, калі працавала лагістам: Сяргей працаваў у той жа арганізацыі вадзіцелем. У 2020 годзе Антаніна стала валанцёркай у штабе “Краіны для жыцця”. Яе затрымалі 6 верасня 2020 года: у сумцы жанчыны ляжаў бэйдж з надпісам “Штаб Святланы Ціханоўскай”. На вачах у дзяцей прайшлі два ператрусы: у Мінску і ў загарадным доме, падчас якога па перыметры дома стаялі аўтаматчыкі. Сяргей быў аўтарам канала “Армія з народам”. 

Сужэнцаў асудзілі на 5,5 года пазбаўлення волі. Бабуля была вымушаная ўцякаць з дзецьмі праз лясы ў іншую краіну. Цяпер яны ў бяспецы і чакаюць сваіх бацькоў.  У сям'і двое дзяцей.

6. Юлія і Ігар Лаптановічы

Лаптановічы ажаніліся ў 2007 годзе, калі абодвум было па 19 гадоў. Калі пачаўся пераслед, Юлія думала пераехаць у горад ці нават наогул з'ехаць з Беларусі. Але муж быў супраць. Абодвух сужэнцаў асудзілі па “справе карагодаў” у Брэсце. Ігара асудзілі на 2,5 года пазбаўлення волі, Юлію — на 3 гады “хатняй хіміі”. 

Праз некаторы час Юлію зноў арыштавалі. Пасля разгляду апеляцыйнай скаргі выніковы тэрмін для Юліі склаў 4 гады і 9 месяцаў пазбаўлення волі. У сям'і трое дзяцей.

7. Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў

Медыяменеджара Андрэя Аляксандрава і яго сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 года як падазраваных у фінансаванні пратэснай дзейнасці. Іх абвінавацілі ў тым, што яны аплочвалі штрафы людзей, затрыманых падчас акцый, кампенсавалі кошт іх утрымання ў ЦІП і ізалятарах. Яны пабраліся шлюбам, знаходзячыся ў зняволенні. 

Суд прысудзіў Ірыну да 9 гадоў пазбаўлення волі, Андрэя — да 14 гадоў пазбаўлення волі. 

8. Вольга, Віталь, Уладзіслаў і Анастасія Вайцяховічы

Усю сям'ю затрымалі 13 жніўня 2021 года. Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да нападу на дом Алега Гайдукевіча. Тады сілавікі адрапартавалі, што затрымалі ўсіх датычных. Дагэтуль уся сям'я знаходзіцца ў зняволенні. Вольга і Віталь — муж і жонка. Анастасія — жонка іх сына Уладзіслава. Усе знаходзяцца ў СІЗА.

9. Кацярына і Андрэй Арыка

Прычынай затрымання стала размалёўка на полі больш як 80 цюкоў з сенажом. У выніку Андрэя асудзілі на 1 год пазбаўлення волі, Кацярыну — на 1,5 года абмежавання волі. У сям'і трое непаўналетніх дзяцей. 20 мая 2022 года Андрэй выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну пакарання. 

10. Марыя і Андрэй Жук

Марыя — жонка ўладальніка бара «Банкі-бутэлькі», на тэрасе якога 3 жніўня 2022 года прайшоў вулічны канцэрт мінскай спявачкі Мерыем Герасіменка. Мужа Марыі Андрэя затрымалі на наступны дзень пасля канцэрта, і 5 жніўня стала вядома, што яму далі 30 сутак арышту. З таго часу сужэнцы не выйшлі на волю. У іх дзве непаўналетнія дачкі.

11. Анастасія Рудакова і Валерый Вішчэня 

За ўдзел у акцыях пратэсту Валерыя асудзілі на 3 гады “хіміі”, а Анастасію — на 3 гады “хатняй хіміі”. Па стане здароўя Валерыя перавялі на “хатнюю хімію”. У сям'і трое непаўналетніх дзяцей.

12. Вікторыя Ждановіч і Раман Багрый

Сужэнцы былі затрыманыя за ўдзел у акцыях пратэсту. Дагэтуль знаходзяцца пад следствам у СІЗА. 

13. Дзмітрый Лукша і Паліна Палавінка

Дзмітрыя затрымалі 11 сакавіка 2022 года, яго жонку — 2 чэрвеня. Дзмітрыя абвінавачваюць у стварэнні сюжэта, які “дыскрэдытуе” РБ. Абодвух сужэнцаў таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. 

14. Алена і Дзмітрый Паўловічы

Алена — гаспадыня салона друку «Ліса» ў Барысаве. Пры затрыманні яе прымусілі здзіраць са сцен бел-чырвона-белыя шпалеры. Працэс здымалі на відэа, якое 26 ліпеня 2022 года апублікавалі ў праўладных тэлеграм-каналах. Прэтэнзіі ў сілавікоў выклікала не толькі ўнутраная аздоба памяшканняў, але і таблічка, якая вісела на ўваходзе з тэкстам: «Прыватная ўласнасць. Супрацоўнікам МУС, МНС, санстанцыі, КДБ, УС, БРСМ і іншых дзяржарганізацый уваход толькі пасля званка». Спачатку Алену змясцілі ў ІЧУ, пасля чаго перавялі ў СІЗА-1. Разам з Аленай быў затрыманы яе муж. 

Дзмітрыя асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі, а Алену — на 2 гады пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту. У сям'і двое дзяцей. 

15. Анастасія і Зміцер Дашкевічы

Зміцер Дашкевіч — адна з самых вядомых палітычных постацяў у Беларусі. Грамадскай дзейнасцю займаўся з 2001 года. Быў кіраўніком «Маладога фронту», некалькі разоў адбываў працяглыя тэрміны за палітычную дзейнасць у Беларусі. Дашкевіч таксама адзін з арганізатараў акцый «Ноч расстраляных паэтаў» і «Абарона Курапатаў». 

Насту разам з мужам Зміцерам абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. За месяц да суда Наста нарадзіла чацвёртае дзіця. 

Зміцера асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі, а Насту — на 3 гады “хатняй хіміі”. 

16. Анжаліка і Яўген Ярмак

Сужэнцы былі затрыманыя 16 чэрвеня 2022 года за ўдзел у акцыях пратэсту. Дагэтуль застаюцца пад вартай. 

17. Таццяна і Аляксандр Біруля 

Сужэнцы былі затрыманыя 13 снежня 2021 года за распаўсюд пратэсных газет. Цяпер праходзяць судовыя пасяджэнні. Усім фігурантам пагражаюць вялікія тэрміны.

18. Наталля Кед і Ігар Казлоў 

Ігар — работнік "Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў". Затрыманы за сабатаж на чыгунцы каля станцый г. Бабруйска, а таксама падпал стралковага ціра в/ч 5527. Яго затрымалі 26 верасня 2021 года. Яго жонку затрымалі 18 сакавіка 2022 года. 

У выніку Ігара асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі, Наталлю — на 2 гады “хатняй хіміі” і вызвалілі ў зале суда. 

19. Святлана і Дзяніс Шарамецьевы

Сужэнцы былі арыштаваныя 16 чэрвеня 2022 года. Святлану асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі, Дзяніса — на 2 гады пазбаўлення волі. 

20. Кацярына Еўдакімава і Антон Маслыка 

Сужэнцы былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту. Кацярына — на 3 гады “хатняй хіміі”, Антон — на 1,5 года пазбаўлення волі. У сям'і трое дзяцей.

21. Паліна і Станіслаў Кабешавы

Сужэнцы былі затрыманыя 5 мая 2022 года за ўдзел у акцыях пратэсту. 5 верасня іх асудзілі на 3 гады “хатняй хіміі” і вызвалілі з-пад варты.

22. Дар'я і Ігар Лосік

Ігар — журналіст, кансультант "Радыё Свабода". Адміністратар тэлеграм-канала "Беларусь галаўнога мозгу". Затрыманы 25 чэрвеня 2020 года. У выніку закрытага суда асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі. Яго жонка Дар'я рознымі спосабамі змагалася за мужа і выступала ў яго падтрымку. 18 кастрычніка 2022 года Дар'ю затрымалі і змясцілі ў СІЗА за “інтэрв'ю”. У сям'і ёсць дзіця. 

23. Таццяна і Андрэй Мастыка

19 ліпеня 2021 года сужэнцаў затрымалі па падазрэнні ў “тэрарызме”. Але неўзабаве вызвалілі. Яны паспелі пакінуць Беларусь. 

24. Аляксандр Лычаўка і Сняжана Інанец 

Сужэнцы былі затрыманыя 6 кастрычніка 2022 года. На праўладных каналах з'явіліся відэа, дзе іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. Іх месцазнаходжанне невядомае. 

25. Вольга і Аляксандр Падько

Сужэнцы былі затрыманыя 13 жніўня 2021 года па падазрэнні ў датычнасці да падпалу дома Алега Гайдукевіча. 13 снежня іх вызвалілі. Пазней Вольгу асудзілі на 3 гады “хатняй хіміі” за ўдзел у акцыях пратэсту. Лёс Аляксандра невядомы.

26. Андрэй Шарэнда і Паліна Шарэнда-Панасюк

Паліну затрымалі 4 студзеня 2021 года. У выніку яе асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі сукупна. Андрэй паведамляе, што цяпер супраць яе ўзбудзілі яшчэ адну крымінальную справу па арт. 411 КК РБ. Сам Андрэй паспеў пакінуць Беларусь да затрымання. У сям'і двое дзяцей.

27. Ірына і Пётр Зіневічы

Сужэнцы былі асуджаныя за “паклёп” і “абразу”. Пятра асудзілі на 3 гады абмежавання волі, Ірыну — на 2 гады “хатняй хіміі”. У сям'і двое дзяцей.

28. Анастасія і Алег Фаміны

15 жніўня 2020 года, калі супрацоўнік міліцыі сыходзіў з юбілею бацькі, да яго падышоў Алег Фамін, назваў фашыстам, абразіўшы гэтым, і пагражаў фізічнай расправай. Пасля гэтага завязалася сварка і ўрэшце бойка. Да бойкі ў нейкі момант далучылася Анастасія Фаміна, жонка Алега. 

Алега асудзілі на 2,5 года пазбаўлення волі, Анастасію — на 1,5 года “хатняй хіміі”. 

29. Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч

Сужэнцы былі затрыманыя 15 ліпеня 2021 года за тое, што перасылалі адно аднаму навіны з тэлеграм-каналаў. Усяго яны атрымалі па 126 сутак адміністрацыйнага арышту. У выніку пакінулі Беларусь. 

30. Ігар і Святлана Ярмолавы

Ігар — валанцёр штаба Віктара Бабарыкі. Паводле інфармацыі ад бацькоў,  яго збілі пры затрыманні і да 18 жніўня 2020 года ён знаходзіўся ў ваенным шпіталі. Суд прысудзіў Ігара да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Святлана — маці Ігара, асуджаная за каментар, нібыта пакінуты ў сацсетцы Фэйсбук пад фотаздымкам старэйшага сяржанта міліцыі. Святлана сцвярджае, што падобнага каментара не пакідала.  Святлана на пенсіі і даглядае хворую маці. Яе асудзілі на 2 гады "хатняй хіміі" .

31. Ірына і Антон Мельхер

Маці і сына затрымалі па справе Аўтуховіча.  Усіх фігурантаў затрымалі ў снежні–студзені 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком "тэрарыстычнай групоўкі", якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. У залежнасці ад ролі іх абвінавацілі агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы склалі 65 тамоў. Абвінавачанне таксама сцвярджала, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі пра сілавікоў па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. 

Ірыну асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, Антона — на 2,5 года пазбаўлення волі (вызвалены ў зале суда).

32. Алена і Вікторыя Лысковіч

Маці з дачкой асудзілі за падзеі ў Брэсце. Па "справе карагодаў" іх асудзілі на 1,5 года абмежавання волі. Вікторыя паспяхова пакінула Беларусь. 

33. Аляксандр і Наталля Раентавы

Згодна з пратаколамі, 29 жніўня 2020 года Раентавы ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу і «паказвалі жэстамі, каардынавалі далейшыя дзеянні ўдзельнікаў мітынгу».  Калі дэманстрантаў пачаў адцясняць АМАП, Раентавы забеглі ў тралейбус і праехалі адзін прыпынак. Пасля ў яго ўварваліся «людзі ў чорным» і, не прадставіўшыся, пачалі выцягваць з яго Раентавых. Па словах Наталлі Раентавай, яна спалохалася, таму хапалася за поручань. 

Аляксандра Раентава асудзілі таксама за адміністраванне чата "Палігон". У выніку яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі, Наталлю — на 8 месяцаў пазбаўлення волі.

34. Дзіяна і Валянцін Міцкевічы

Дзіяну затрымалі 12 ліпеня 2022 года за ўдзел у акцыях пратэсту. Праз два месяцы затрымалі яе мужа. Сужэнцы знаходзяцца ў СІЗА. 

35. Цімур і Тамаз Піпія

Браты-антыфашысты, былыя фанаты МТЗ-РІПА, былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту. Цімура асудзілі на 6 гадоў, 3 месяцы і 2 дні пазбаўлення волі, Тамаза — на 5 гадоў пазбаўлення волі.

36. Вікторыя і Анастасія Міронцавы

Сёстры былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту. Вікторыю прысудзілі да 2,5 года пазбаўлення волі, Анастасію — да 2 гадоў пазбаўлення волі. Па справе праходзілі пяць пацярпелых амапаўцаў.

37.  Віталь і Данііл Калеснікавы

У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года Данііл разам з бацькам Віталём Калеснікавым пайшлі ў цэнтр горада на плошчу. Яны стаялі там разам у ланцугу ў першым шэрагу. Віталя асудзілі на 2 гады 3 месяцы і 28 дзён пазбаўлення волі, Данііла — на 1 год і 3 месяцы выхаваўчай калоніі.

38. Віталь і Ягор Пракапчук

Бацьку і сына затрымалі за падзеі ў Брэсце ў 2020 годзе і асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі кожнага. 

39. Ігар і Алег Букас

Бацька і сын з Бабруйска былі затрыманыя 10 жніўня 2020 года. У той дзень сям'я Букасаў ехала ў краму, але не даехала да яе каля ста метраў, бо дарога была ацэпленая з-за акцыі пратэсту. Непадалёк ад месца, дзе Букасы прыпаркавалі машыну, яны заўважылі іншае аўто і аўто ДАІ. Каля гэтых машын нейкая жанчына прасіла адпусціць вадзіцеля. Старэйшы Букас вырашыў пацікавіцца, што адбываецца, і падышоў да супрацоўніка ДАІ. У выніку ён і яго сын былі гвалтоўна затрыманыя. Алега асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі, Ігара — на 4 гады пазбаўлення волі.

40. Алена і Анатоль Латушка

Анатоля затрымалі 31 студзеня 2022 года за маляванне праз трафарэты «пагоні». Анатоль Латушка — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. У выніку яго асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі. У жніўні затрымалі Алену Латушку і асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту на 2,5 года "хатняй хіміі".

41. Кім і Аляксей Самусенка

Кім — актывіст, сябра Рады грамадскага руху “Дзея”.  Быў затрыманы 3 лістапада 2020 года нібыта за ўзлом камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама. Асуджаны на 6,5 года пазбаўлення волі. У сям'і ёсць маленькае дзіця.

Аляксея затрымалі праз 2 дні. У выніку асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі.

42. Санта Франчук і Уладзімір Дальшоў

Санту затрымалі 27 лютага 2022 года ў Першамайскім р-не за фота бюлетэня. Яна адбыла 15 сутак у Жодзіне, пасля чаго не выйшла, а была пераведзеная на Акрэсціна, бо ў тэлефоне знайшлі фотаздымкі з мітынгаў 2020 года. Уладзімір паехаў сустракаць Санту, але не вярнуўся. Сужэнцаў перавялі ў СІЗА. 

Сужэнцаў асудзілі на 3 гады "хатняй хіміі".

43.  Таццяна і Дзмітрый Канеўскія

Таццяна — актывістка руху "Маці 328", давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гомелі.  Увечары 6 жніўня 2020 года ў доме Таццяны Канеўскай правялі ператрус, а раніцай сілавікі прыйшлі ў дом Канеўскай з паўторным ператрусам. Жанчыну затрымалі. Жанчыну асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі.

Яе сына Дзмітрыя затрымалі за каментары ў сацыяльных сетках і асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі.

44. Анастасія Малашук і Аляксей Кедыш

Сужэнцаў затрымалі і адправілі ў СІЗА за ўдзел у акцыях пратэсту. Праз пяць месяцаў іх асудзілі на 3 гады "хатняй хіміі".

45. Дар'я і Аляксей Арбузавы

Сужэнцы былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту. Дар'я атрымала 2 гады "хатняй хіміі", а Аляксея адправілі ў калонію на 1,5 года. У сям'і двое дзяцей.

46.  Аляксей і Святлана Якімовіч

Сужэнцы былі асуджаныя па вядомай "справе карагодаў". Аляксея асудзілі на 2 гады абмежавання волі, Святлану — на 2 гады "хатняй хіміі".

47. Таццяна і Аляксандр Паўлючык

Сужэнцы былі асуджаныя па вядомай "справе карагодаў". Вынік суда — па 1 годзе "хатняй хіміі".

48. Уладзімір і Кацярына Ганчаровы

Сужэнцы былі асуджаныя па "справе карагодаў". Кацярыну прысудзілі да 2 гадоў "хатняй хіміі". Уладзіміра асудзілі двойчы, і сукупны тэрмін склаў 2 гады пазбаўлення волі.

49. Таццяна і Аляксей Біруковы

Сужэнцы былі асуджаныя па вядомай "справе карагодаў". Рашэнне суда — па 2 гады "хатняй хіміі". 

50. Алена і Андрэй Бармут, Вольга Рабух

Доказамі віны сталі перасылка членам сям'і фота з маршаў і перапіска пра гэта ў сацсетках. Усе атрымалі па 3 гады "хатняй хіміі".

51. Андрэй і Сяргей Клютчэня

Браты былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту. Андрэй і Сяргей атрымалі па 2 гады пазбаўлення волі.

52. Аляксей і Аляксандр Русецкія

Браты былі асуджаныя за ўдзел у ланцугу і ў акцыях пратэсту. Аляксея асудзілі на 3 гады абмежавання волі, Аляксандра — на 2,5 года абмежавання волі.

53. Святлана Бараноўская і Анастасія Аргерыскул

7 кастрычніка 2021 года агучылі прысуд Святлане Бараноўскай, якой ставілі ў віну абразу прадстаўнікоў улады — дзевяці супрацоўніц АМАП. Але 14 снежня 2021 года яе зноў затрымалі разам з дачкой за ўдзел у акцыях пратэсту. Жанчын адправілі ў СІЗА. Паводле вынікаў суда Святлану асудзілі на 3 гады "хатняй хіміі", Анастасію — на 2 гады "хатняй хіміі".

54. Галіна і Ала Гарацкевіч 

Дачку і маці затрымалі за падзеі ў Гродне. Алу асудзілі на 2,5 года "хатняй хіміі", Галіну — на 3 гады абмежавання волі.

55. Кацярына Зарэцкая і Вячаслаў Панцюшэнка

Сужэнцаў затрымалі за вывешванне БЧБ-сцяга і сцяга Украіны ў 19-павярховым доме па вуліцы Лесі Украінкі. Цяпер знаходзяцца ў СІЗА.

56. Ала і Васіль Раманенка, Аляксандра Антоненка

Алу разам з мужам і пляменніцай прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў трох Маршах. Алу і Васіля асудзілі на 3 гады "хатняй хіміі", Аляксандру — на 2 гады "хатняй хіміі".

57. Віктар і Эдуард Бабарыка

Віктар — беларускі банкір, грамадскі дзеяч, прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Быў затрыманы разам з сынам, калі накіроўваўся ў ЦВК. Суд прысудзіў Віктара да 14 гадоў пазбаўлення волі. Яго сын Эдуард дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА без канчатковага абвінавачання.

58. Марыя Успенская і Андрэй Зельцар

28 верасня 2021 года супрацоўнікі КДБ  праводзілі ў Мінску ператрусы і аблавы на жыхароў рэспублікі. Жыхар адной з кватэр, пазней апазнаны як супрацоўнік EPAM Systems Андрэй Зельцар, адмовіўся адчыніць сілавікам (апранутым у цывільнае і без службовых знакаў адрознення) дзверы і заблакаваўся ўнутры разам з жонкай, узброіўшыся паляўнічай стрэльбай. Абодва пры гэтым вялі відэаздымку.

Пасля ўзлому дзвярэй Зельцар адкрыў агонь з паляўнічай стрэльбы па супрацоўніках КДБ, якія ўварваліся ў кватэру. Раненні атрымаў супрацоўнік КДБ з пазыўным «Нірвана», пазней апазнаны як Дзмітрый Федасюк. У той жа дзень ён памёр ад атрыманых раненняў у бальніцы. Адказным агнём Андрэй Зельцар быў забіты.

Марыю Успенскую затрымалі па падазрэнні ў сумесным удзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ.  Марыя знаходзілася ў СІЗА, паводле шматлікіх паведамленняў, яна падвяргалася карнай медыцыне, у тым ліку ў "Навінках". У выніку яе прызналі асобай, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, і адправілі на прымусовае лячэнне.

Па "справе Зельцара" было арыштавана мноства людзей, якія пакідалі каментары ў сацыяльных сетках.