Алена была затрыманая ў межах крымінальнай справы, узбуджанай з-за пратэстаў і сутыкненняў паміж жыхарамі Пінска і сілавікамі ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Яе асудзілі за ўдзел у "масавых беспарадках". Пацярпелымі па справе выступілі 109 супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў, якія, акрамя пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, запатрабавалі ад абвінавачаных каля 530 тысяч рублёў кампенсацыі.
Вядома, што да Алены ўжываюць фізічны і псіхалагічны гвалт, яе пазбавілі ўсіх перадач і сустрэч з блізкімі. Яна рэгулярна атрымлівае дысцыплінарныя пакаранні і знаходзіцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане. Яе таксама пазбавілі бацькоўскіх правоў.
12 лютага 2025 г. з дапамогай Дзяржаўнага дэпартамента ЗША былі вызваленыя Алена Маўшук , журналіст Андрэй Кузнечык і грамадзянін ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца. Яны былі памілаваны Лукашэнкам. Умовай вызвалення Алены быў выезд з Беларусі. Яе напярэдадні вызвалення перавялі з калоніі № 24 у СІЗА КДБ, адкуль на наступны дзень з маскай на вачах вывезлі да мяжы з Літвой.
Падрабязнасці вызвалення CNN раскрыў Крыс Сміт, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па Еўропе.
"Гэта была спецыяльная аперацыя: мы перасеклі беларускую мяжу, сустрэліся ў Мінску з прадстаўнікамі ўладаў, якія перадалі нам трох затрыманых. Мы забралі іх і вывезлі праз Літву".
Паводле слоў Сміта, гэта быў "аднабаковы жэст" з боку беларускіх улад, якія імкнуцца палепшыць адносіны з ЗША.
"Лукашэнка не атрымаў нічога ўзамен", - адзначыў ён.









































