Працягваем расказваць пра крымінальны палітычны пераслед, які закрануў цэлыя сем'і. У першай частцы артыкула мы сабралі 58 такіх гісторый.
59. Уладзімір і Юрый Седзянеўскія былі асуджаныя за падзеі ў Гродне 6 верасня 2020 года. Браты атрымалі па 3 гады абмежавання волі з накіраваннем кожны.
60. Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова таксама былі асуджаныя за падзеі ў Гродне 6 верасня 2020 года. Сясцёр асудзілі на 3 і 3,5 года абмежавання волі з накіраваннем адпаведна. Жанчыны не паехалі адбываць пакаранне, а паспяхова пакінулі тэрыторыю Беларусі і цяпер знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі.

61. Ілля і Мікіта Валенціновічы. Братоў затрымалі ў адзін дзень і адправілі ў СІЗА. Там яны правялі больш за 3 месяцы, пасля чаго іх асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту на 3 гады "хатняй хіміі" кожнага.
62. Вольга і Антон Шаблыка. Вольга да затрымання працавала выкладчыцай англійскай мовы ў БДУ, Антон займаўся арганізацыяй актыўнага адпачынку: сплавамі на байдарках па рэках і азёрах. У 2020 годзе муж з жонкай затрымліваліся ў рамках адміністрацыйнай справы за ўдзел у акцыях пратэсту, а ў 2022-м - за ўдзел у антываеннай акцыі. Пазней іх асудзілі па крымінальным артыкуле за ўдзел у акцыях і прысудзілі па 3 гады "хатняй хіміі".
63. Святлана і Аляксандр Дубовік. Вядома, што муж і жонка былі асуджаныя на 3 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыях пратэсту.
64. Арсеній і Яўген Сіняк. Браты былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту ў Брэсце. Іх асудзілі на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем кожнага, але яны паспяхова пакінулі Беларусь і знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі.
65. Паліна і Іван Ляшко. Муж і жонка былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту ў Брэсце на 1,5 года "хатняй хіміі". Яны не сталі адбываць пакаранне і пакінулі Беларусь. У сям'і ёсць дзіця.

66. Дзмітрый Садавы і Ганна Арэхава. Муж і жонка са Смалявічаў былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту на 2 гады "хатняй хіміі". Вядома, што да суда яны знаходзіліся пад вартай у СІЗА.
67. Анастасія і Дзяніс Яроўскія. Дзяніс быў асуджаны на 1,5 года пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту. Анастасія паспяхова пакінула тэрыторыю Беларусі разам з дзіцём. Муж і жонка праходзілі па адной справе разам з Дзмітрыем Лукшам і Палінай Палавінка, якая з'яўляецца роднай сястрой Анастасіі.
68. Аляксей і Кацярына Суславы. Вядома, што мужа і жонку абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. Іх статус, а таксама прысуд невядомыя.
69. Аляксандра і Яўген Кражавы. Муж і жонка былі асуджаныя на 2,5 года "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыях пратэсту.
70. Інна і Валерыя Глінскія. Маці і дачку затрымалі 21 снежня 2021 года па справе "Чорнай кнігі Беларусі" за тое, што яны перадавалі даныя пра супрацоўнікаў міліцыі, датычных да рэпрэсій. Жанчыны працавалі ў МТБанку. Інну і Валерыю асудзілі на 7 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
71. Віталь і Вольга Васілевічы. Віталь - генеральны дырэктар кампаніі «Беллесвыраб», таксама ён будаваў у Мінску 16-павярховы бізнес-цэнтр «Тытул». Праўладныя крыніцы назвалі затрыманага «доларавым мільянерам» і абвінавацілі ў тым, што ён «не ўпусціў супрацоўнікаў міліцыі на аб'ект прадпрыемства». «Пры дбайнай праверцы» ў яго выявілі фотаздымкі з акцый пратэсту. Віталя і яго жонку Вольгу змясцілі ў СІЗА, дзе яны правялі больш за 3 месяцы і былі асуджаныя на 2,5 года "хатняй хіміі".
72. Святлана і Арцём Шафранскія. Былі затрыманыя за ўдзел у акцыях пратэсту. Святлану адпусцілі пад заклад у 9600 рублёў, Арцём знаходзіўся ў СІЗА да суда. У выніку Шафранскія былі асуджаныя на 2,5 года "хатняй хіміі".
73. Кацярына і Сяргей Чарэшка. Сяргей - вядучы і блогер, быў затрыманы разам з жонкай за ўдзел у акцыях пратэсту. Кацярыну адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, Сяргея адправілі ў СІЗА. На момант публікацыі ідзе судовы разгляд, прысуд пакуль невядомы. У сям'і двое непаўналетніх дзяцей.

74. Дзмітрый і Кацярына Ляўковічы. Мужа і жонку затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту, у выніку асудзілі на 3 гады "хатняй хіміі".
75. Алена Ягорычава і Ігар Пазнякоў. Мужа і жонку затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту ў Гродне. У выніку Алена была асуджаная на 2,5 года пазбаўлення волі, а Ігар - на 2,5 года абмежавання волі з накіраваннем.
76. Вячаслаў і Генадзь Смірновы. Бацька і сын былі асуджаныя за расклейванне ўлётак з тэкстам – «Адольф Грыгор'евіч Лукашэнка» і «Нам нужен труп в одежде короля, а не живой придурок у руля». Генадзь, бацька, быў асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волі, Вячаслаў - на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем.
77. Марыя і Мікалай Караценка. Муж і жонка былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту, канчатковы прысуд невядомы.
78. Марыя і Мікалай Кастэнка. Марыя - настаўніца геаграфіі ў 38-й школе Мінска, Мікалай - намеснік начальніка аддзела па кіраванні карпаратыўнымі інтэрнэт-рэсурсамі Беларускай чыгункі. Вядома, што ў мужа і жонкі двое дзяцей. Паводле інфармацыі праўладных каналаў, сям'ю затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту. Канчатковы прысуд і статус Кастэнкаў невядомыя.

79. Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі. Бацька і сын хацелі папрасіць палітычнага прытулку ў Швецыі, бо іх пераследавалі сілавыя органы за ўдзел у акцыях пратэсту. 11 верасня 2020 года ў пасольстве Швецыі ў Мінску ім адмовілі, бо дыпламатычнае ведамства не адказвае за гэтую працэдуру. Тады мужчыны пералезлі цераз плот і засталіся на тэрыторыі дыпрадстаўніцтва. У той жа дзень каля пасольства дзяжурылі прадстаўнікі органаў унутраных спраў і невядомыя ў масках. Сілавікі прасілі пасольства выдаць ім беларусаў, якія схаваліся на тэрыторыі дыпрадстаўніцтва, але гэтага не адбылося. Амаль праз два гады мужчынам удалося выехаць з Беларусі.
80. Дзіяна і Уладзімір Лысак. Мужа і жонку затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту. Уладзімір быў асуджаны на 1,5 года пазбаўлення волі, а Дзіяна - на 3 гады "хатняй хіміі".
81. Арсеній і Аляксандра Гаеўскія. Муж і жонка былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту. Канчатковы тэрмін невядомы.
82. Ганна і Яўген Асінскія. Муж і жонка былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту. Канчатковы тэрмін невядомы.
83. Іван і Мікалай Куляшовы. Іван - студэнт 4-га курса БДУІР, быў асуджаны на 3 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыях пратэсту. Цяпер Іван у эміграцыі. Мікалай жа быў затрыманы значна пазней і зусім па іншай справе. Ён былы мытнік, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Яго абвінавачваюць у тым, што ён за грошы дапамагаў ахвотным незаконна перасякаць беларуска-літоўскую мяжу, а таксама ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім. Разам з ім па справе праходзяць Аніта Бакуновіч і Ягор Курзін.

84. Ян і Алесь Папковічы. У пачатку верасня 2022 года тэлеграм-канал валанцёрскай ініцыятывы «Спісы затрыманых» апублікаваў інфармацыю пра затрыманне цэлай сям'і: Яна, Анастасіі і Алеся Папковічаў. Месяц Ян знаходзіўся ў СІЗА КДБ, дзе яго катавалі, і ён не мог хадзіць. У сюжэтах на БТ Яна паказалі як найміта, які збіраўся ва Украіну. Тым не менш афіцыйнае абвінавачванне - толькі за ўдзел у акцыях пратэсту. Алесь ужо асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту.
85. Ірына і Віктар Арэхавы. Мужа і жонку затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту і асудзілі на 2 гады "хатняй хіміі".
86. Міхаіл і Аляксандра Разуванавы. Брата і сястру затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту. Міхаіл знаходзіцца ў СІЗА, статус яго сястры невядомы.

87. Таццяна і Яна Барысовіч. У сям'і Барысовіч тры дачкі. Дзвюх паспелі арыштаваць, маці і старэйшая дачка з'ехалі, каб пазбегнуць зняволення. Дзяўчаты правялі ў СІЗА каля трох месяцаў за ўдзел у акцыях пратэсту і былі асуджаныя на 3 і 2,5 года абмежавання волі з накіраваннем. Яны не сталі чакаць адбыцця пакарання і пакінулі Беларусь. Цяпер уся сям'я знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.
88. Крысціна і Міхаіл Васільковы. Мужа і жонку затрымалі ў адзін дзень і змясцілі ў СІЗА, дзе яны прабылі каля двух месяцаў. Міхаіла асудзілі на 2 гады "хатняй хіміі", Крысціну - на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем. Сям'я пакінула Беларусь.

89. Галіна Семечка і Антон Александровіч. Галіну затрымалі за ўдзел у пратэстах і адправілі ў СІЗА, дзе яна правяла больш за 4 месяцы. Галіна і Антон былі асуджаныя на 3 гады "хатняй хіміі". Разам яны пакінулі Беларусь.
90. Ілля і Ірына Хвайніцкія. Маці і сына асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Іллі прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму, прысуд для маці невядомы.
91. Арцём і Данііл Нікіціны. Браты былі асуджаныя за пашкоджанне трох «Табакерак» у Мінску. Арцёма адправілі ў калонію на 2,5 года, а Данііла - на 1,5 года ў ВУАТ.
92. Карына і Інга Рэйдольф. Сясцёр з Бабруйска арыштавалі ў адзін дзень, асудзілі па адміністрацыйным артыкуле, а потым перавялі ў СІЗА. Пасля трох месяцаў пад вартай іх асудзілі на 2 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыях пратэсту.

93. Васіль і Ала Раманенка, Аляксандра Антоненка. Алу разам з мужам і пляменніцай асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Мужа і жонку асудзілі на 3 гады "хатняй хіміі", Аляксандру - на 2 гады "хатняй хіміі".
94. Андрэй і Вера Мамойка. Андрэй - старэйшына баптысцкай царквы "Новая Зямля". Андрэй і Вера Мамойка таксама вядомыя музыканты, якія ўдзельнічалі ў запісе некалькіх альбомаў хрысціянскай музыкі. Муж і жонка знаходзяцца ў СІЗА за ўдзел у акцыях пратэсту.

95. Ганна Кавалёва і Іван Марозаў. Іван - адзін з найбольш вядомых беларускамоўных блогераў «нулявых» і былы актывіст. Быў затрыманы па адміністрацыйным артыкуле і потым пераведзены ў СІЗА; таксама была затрымана яго дзяўчына Ганна. Маладых людзей абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту.
96. Аксана і Максім Доўгія. Муж і жонка асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту. Статус і прысуд невядомыя.
97. Яўген, Юлія і Ганна Лівянт, Мікіта Дрозд. Яўген - рэпетытар і сузаснавальнік навучальнага цэнтра "100 балаў", быў затрыманы разам з жонкай, дачкой і яе мужам за ўдзел у акцыях пратэсту. Цяпер усе яны знаходзяцца ў СІЗА.

Чытаць першую частку тут.
Калі вам вядома што-небудзь пра палітычныя пераследы, вы можаце паведаміць гэтую інфармацыю праваабаронцам па любых указаных каналах (у тым ліку можна адправіць ананімную інфармацыю праз сайт). Фіксацыя рэпрэсій важная для таго, каб мець магчымасць аказаць дапамогу, распаўсюдзіць інфармацыю, а таксама перадаваць яе ў міжнародныя структуры, каб ніводны выпадак не застаўся беспакараным у будучыні. Акрамя таго, спісы палітвязняў і рэпрэсаваных будуць выкарыстаны для рэабілітацыі пераследаваных.
