!Артыкул 2019 года.
Палітычны зняволены — асоба, якая знаходзіцца пад вартай або адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, а таксама накіраваная на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную бальніцу, у справе якой прысутнічае яўная палітычная складаючая, напрыклад, апазіцыя дзейнай уладзе як у выглядзе дзеянняў негвалтоўнага характару, так і ў выглядзе ўзброенай барацьбы.
Палітычным зняволеным можа быць як арыштаваны па абвінавачванні ў дзеяннях палітычнага характару, так і па іншых, часта ілжывых, абвінавачваннях.
Адразу ж варта згадаць, што не існуе нейкіх адзіных крытэрыяў, па якіх чалавека можна аднесці да ліку палітвязняў. Аднак у кастрычніку 2012 года Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы упершыню зацвердзіла адносна агульныя крытэрыі, па якіх можна вызначыць, ці з'яўляецца пераслед і ўзяцце чалавека пад варту палітычна матываваным. А менавіта:

На прыкладзе некалькіх актуальных кейсаў мы пакажам, што практыка пераследу па палітычных матывах шырока распаўсюджаная ў Беларусі.
Пачаць варта з кароткай характарыстыкі знешнепалітычнай сітуацыі дадзенага рэгіёна. Перш за ўсё варта адзначыць, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам АБСЕ, СНД і ААН. На міжнародным узроўні Беларусь узаемадзейнічае з Саветам Еўропы, а значыць, мае пэўныя абавязацельствы ў сферы захавання і абароны правоў чалавека. Эканамічная ж і палітычная залежнасць ад Расіі, несумненна, пагаршае сітуацыю з захаваннем правоў чалавека ў Беларусі. У адрозненне ад Еўропы, палітычныя лідары якой спрабуюць рабіць выгляд, што ім неабыякавы лёс беларускіх дысідэнтаў, для расійскага кіраўніцтва гэтае пытанне ўвогуле не стаіць на парадку дня, бо колькасць палітвязняў у самой Расіі даўно перавысіла некалькі соцень.
Сітуацыя, у якой дыктатуры Лукашэнкі даводзіцца лавіраваць у пытаннях дэмакратычнасці грамадства пры ўзаемадзеянні з еўрапейскімі лідарамі і структурамі, задае кантэкст для ўнутранай палітыкі дзяржавы.
Такім чынам, большасць крымінальных спраў у Беларусі, якія заканчваліся штрафамі, пазбаўленнем або абмежаваннем волі, вонкава не выглядалі як адкрыты пераслед чалавека па палітычных матывах. Часцей за ўсё гэта былі артыкулы з максімальна размытымі фармулёўкамі, такімі як «злоснае хуліганства»:
Арт. 339 КК РБ: Наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства, суправаджаюцца прымяненнем гвалту або пагрозай яго прымянення альбо знішчэннем або пашкоджаннем чужой маёмасці альбо адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам.
У залежнасці ад абставін справы і жадання рэпрэсіўных органаў гэты артыкул прадугледжвае аж да 10 гадоў пазбаўлення волі. Апошнім часам папулярным артыкулам крымінальнага кодэкса для палітычна актыўных людзей становіцца артыкул 364 «Гвалт або пагроза яго прымянення ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Перш за ўсё гэта звязана з колькасцю незаконных арыштаў, у тым ліку і на мірных акцыях пратэсту, дзе міліцыянеры часта праводзяць затрыманні з прымяненнем гвалту, без апазнавальных знакаў, не ў штатнай уніформе, без прад'яўлення якіх-небудзь дакументаў. У выніку падобных дзеянняў людзі спрабуюць сябе абараніць, вырываючыся з рук меркаваных бандытаў. У такім выпадку нават падраная куртка або манжэт могуць стаць прычынай для пасадкі чалавека ў турму, не кажучы пра самаабарону і спробы заступіцца за ахвяру ў вулічных сітуацыях.
Дзмітрый Паліенка, анархіст і сацыяльны актывіст з Мінска, быў прысуджаны ў 2016 годзе да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання за спробу спыніць збіццё ўдзельніка «крытычнай масы» (рух веласіпедыстаў) міліцыянерам. Падчас палітычнага крызісу 2017 года і звязаных з ім масавых пратэстаў быў затрыманы. Суд адмяніў адтэрміноўку пакарання, і наступныя 1,5 года Дзмітрый правёў у бабруйскай калоніі (паўгода ён правёў у СІЗА пад следствам). Быў прызнаны вязнем сумлення арганізацыяй Amnesty International.
У цяперашні час Паліенка зноў знаходзіцца ў следчым ізалятары ў чаканні суда. Яму інкрымінуюць 4 крымінальныя артыкулы: ч.3 арт.339 КК РБ «Асабліва злоснае хуліганства», арт. 341 КК РБ «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» за графіці «Менты забіваюць людзей», да якога потым дадаўся яшчэ адзін эпізод, арт.130 «Распальванне расавай, нацыянальнай і іншай варожасці, у тым ліку ў дачыненні да сацыяльных груп» і арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» (упершыню ў гісторыі краіны гэты артыкул ужываецца ў сувязі з крытыкай МУС).
Падзеі ва Украіне ў 2014 годзе падштурхнулі беларускую ўладу да масавых рэпрэсій супраць усіх неафіцыйных рухаў і аб'яднанняў. Вынікам стала гучная «справа антыфашыстаў», якая грунтавалася на выбітых пад ціскам, пагрозамі і катаваннямі паказаннях. За разбітае шкло ў тралейбусе, якое аплацілі двойчы, і пры адсутнасці ў справе пацярпелых шасцёра маладых людзей атрымалі ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення волі па ч.3 арт. 339 КК РБ.
15 сакавіка 2017 года Святаслаў Барановіч убачыў, як група дарослых мужчын у спартыўных касцюмах збівае і з прымяненнем грубай сілы выцягвае з тралейбуса людзей. Паспрабаваўшы заступіцца за іх, ён нанёс некалькі ўдараў агрэсарам. Пазней высветлілася, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі, якія ў рамках масавых рэпрэсій з асаблівай жорсткасцю затрымлівалі анархістаў, што спрабавалі раз'ехацца пасля мірнага мітынгу. Барановіча асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі.
Гэта толькі некалькі гучных спраў за апошні час, якія маюць ярка выяўлены палітычны кантэкст. Але правапрымяняльная практыка беларускага заканадаўства ў сферы пераследу і пазбаўлення волі палітычных актывістаў гаворыць пра многае.
Перш за ўсё ўсім жыхарам нашай краіны, а ў першую чаргу яе палітызаванай частцы (праваабаронцам, сацыяльным актывістам, грамадзянскім ініцыятывам, партыям і арганізацыям, неафіцыйным аб'яднанням), варта прызнаць шэраг момантаў:
Якім чынам статус палітвязня ўплывае на лёс чалавека і як, на наш погляд, варта падыходзіць да вызначэння гэтага статусу ў тым ці іншым выпадку?
Перш за ўсё варта пачаць з таго, навошта ўвогуле патрэбны статус палітычнага зняволенага. У любой дзяржаве, незалежна ад яе палітычнай сістэмы, існуе стыгматызацыя людзей, якія падвергліся крымінальнаму пераследу. Этатысцкая мараль сучасных дзяржаў ставіць на чалавеку стыгму, калі ён так ці інакш мае праблемы з заканадаўчай сістэмай краіны пражывання. Звычайна такі чалавек застаецца на ўзбочыне соцыуму, без магчымасці ўладкавацца на годна аплатную працу, падвяргаецца прадузятаму стаўленню з боку дзяржаўных структур і банкаўскай сістэмы, адчужаны ў зносінах з людзьмі, бо з'яўляецца «крымінальнікам».
Усё гэта выдатна разумеюць прыхільнікі дыктатуры і ўціску грамадзянскіх правоў і свабод. У межах Беларусі для падобнай з'явы нават ёсць свая назва – «воўчы білет». Гэта значыць, што чалавеку, якога пераследавалі ў рамках крымінальнага кодэкса, у нашай краіне закрываецца дарога да сацыяльнага прызнання, кар'ернага росту і спакойнага жыцця.
Прызнанне палітычнага матыву ў кейсе асобнага чалавека павінна быць момантам апраўдання добрага імя ў вачах грамадства. На прыкладзе таго, як да палітвязняў ставяцца людзі ў краінах з развітой культурай пратэсту і палітычнай самасвядомасцю, наша грамадства таксама павінна спыніць падтрымку парадыгмы пераследу. Рэабілітацыя ў вачах грамадства і аказанне дапамогі неабходныя для тых, хто быў пазбаўлены волі, падвергнуты катаванням і скалечаны. У краінах з жорсткімі рэжымамі ўлады, як у Беларусі, увесь цяжар адказнасці за вяртанне дысідэнтаў у грамадства кладзецца на само грамадства, бо ў улады мэты дыяметральна процілеглыя.
Вось асноўная прычына, чаму так важна прызнанне чалавека палітычным зняволеным. У ідэале гэта павінна зняць з асобы стыгму «крымінальніка» і падтрымаць яе маральна, ідэйна і матэрыяльна.
Аднак варта адзначыць, што з-за цяжкай гістарычнай спадчыны, а таксама 25 гадоў дыктатарскага рэжыму ў нашым грамадстве да «палітычных» ставяцца горш, чым да забойцаў. І гэтая сітуацыя, без усялякага сумнення, павінна мяняцца.
Але рэабілітацыя ў вачах соцыуму не адзіная прычына, па якой важна прызнаць палітызаванасць той ці іншай справы. Важным момантам з'яўляецца факт інфармацыйнай падтрымкі з боку міжнародных структур. Бо мала хто пажадае займацца простымі крымінальнікамі, хуліганамі, алкаголікамі і гвалтаўнікамі, якімі дзяржаўная ўлада Беларусі так умела выстаўляе палітычных актывістаў краіны.
Абапіраючыся ж на разуменне міжнароднага становішча Беларусі, становіцца зразумела, што існуе цалкам рэальная магчымасць уздзейнічаць на рэпрэсіўныя структуры МУС і судоў праз ціск з боку дэмакратычна настроеных еўрапейскіх палітыкаў і арганізацый. Гэта, у сваю чаргу, не проста гульні ў перацягванне каната на міжнароднай арэне, але лёсы канкрэтных людзей. Ад рашэнняў невялікіх па колькасці арганізацый і структур, а часта пэўных асоб, залежыць тое, колькі гадоў чалавек правядзе ў засценках у нястачах і пад катаваннямі.
Акрамя гэтага, прызнанне чалавека палітвязнем і спадарожная інфармацыйная падтрымка могуць забяспечыць чалавеку падтрымку матэрыяльную. Бо ні для каго не сакрэт, як шмат сродкаў сыходзіць на юрыдычную дапамогу, без якой крымінальныя справы актывістаў ператварыліся б проста ў закрытыя расстрэльныя прысуды. Таксама велізарная частка сродкаў сыходзіць на падтрымку чалавека ў зняволенні: прадукты і сродкі асабістай гігіены, адзенне, «атаварванне» ўнутры турмы або калоніі. Часта сем'і зняволеных актывістаў апынаюцца практычна без сродкаў да існавання і цалкам у крэдытнай кабале, спрабуючы дапамагчы сваім блізкім, якіх дзяржава палічыла непажаданымі. Статус «палітзэка» можа дапамагчы, калі з'яўляюцца адпаведныя ініцыятывы або арганізацыі, якія гатовыя займацца зборам сродкаў на патрэбы зняволеных дысідэнтаў як унутры краіны, так і за яе межамі.
І ўсё ж такі, чаму для дысідэнта важны статус палітвязня:

Як зразумець, ці існуе ў той ці іншай справе палітычны кантэкст?
На пачатку артыкула мы ўжо адзначылі, што на сённяшні дзень выпрацаваны пэўны падыход да таго, якім чынам варта разглядаць крымінальны пераслед на наяўнасць у ім намеру ізаляваць чалавека з-за яго актывісцкай дзейнасці або ў рамках дыскрымінацыі.
Калі для супольнасці палітычных актывістаў, членаў апазіцыйных партый і ініцыятыў часцей за ўсё цалкам відавочна, ці пераследуюць чалавека па палітычных матывах, то многія праваабарончыя арганізацыі звычайна выказваюцца і дзейнічаюць у рамках пэўнага дыскурсу: у большасці выпадкаў палітычнымі зняволенымі прызнаюцца людзі, якія падпадаюць пад азначэнне «вязня сумлення».
Нагадаем, што гэта найбольш «жорсткі» крытэрый:
Вязень сумлення — чалавек, фізічная свабода якога абмежаваная турэмным зняволеннем або іншым спосабам з-за яго палітычных, рэлігійных ці іншых перакананняў, а таксама этнічнага паходжання, полу, расы, мовы, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, сваяцкіх адносін, маёмаснага статусу, сэксуальнай арыентацыі і іншых характарыстык асобы. Пры гэтым вязнямі сумлення не лічацца людзі, якія звяртаюцца да гвалту або прапагандуюць гвалт і варожасць.
З азначэння вышэй відаць, што ў экстрэмальных умовах пераследу з боку спецслужбаў Беларусі, чые супрацоўнікі часта дзейнічаюць як у кейсе Святаслава Барановіча (без прад'яўлення дакументаў, без уніформы, з прымяненнем гвалту), чалавек становіцца зусім безабаронным.
Як мы пісалі вышэй, дзяржаўныя рэпрэсіўныя інстытуцыі робяць высновы з адкрыта палітычных крымінальных спраў у дачыненні да палітыкаў і актывістаў. Адпаведна, у цяперашні час любы непажаданы актывіст часцей за ўсё становіцца ахвярай правакацый МУС або КДБ, мэта якіх – вымусіць чалавека прымяніць гвалт, каб абараніць сябе, сям'ю або безабаронных людзей, якіх у яго на вачах збіваюць або калечаць.
Практыка прызнання палітычнымі зняволенымі людзей толькі на падставе азначэння «вязня сумлення» з'яўляецца састарэлай і толькі развязвае рукі карным органам у дачыненні да тых, хто адстойвае ідэалы свабоды і справядлівасці. Таксама гэта спрыяе сур'ёзнай самацэнзуры і самаабмежаванню ў супрацьстаянні адкрытаму беззаконню прадстаўнікоў улады. Ацэньваючы сітуацыю, чалавек разумее, што спроба спыніць гвалт або канфліктную сітуацыю можа стаць для ЯГО самога крымінальна каранай, і ён застанецца сам-насам з сістэмай, а ў гэтым нічога прывабнага няма.
Мы, як ініцыятыва, не прапануем нічога новага, акрамя таго, пра што ўжо дамовіліся ў ПАСЕ, а менавіта выкарыстанне ўжо выпрацаваных крытэрыяў прызнання палітычным зняволеным, калі:
- Арышт парушае базавыя гарантыі Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека, асабліва ў частцы права на свабоду думкі, сумлення, рэлігіі, свабоду выказвання меркаванняў і інфармацыі, а таксама свабоду сходаў і аб'яднанняў;
- Арышт накладаецца выключна па палітычных прычынах (правапарушэння не было);
- Тэрмін або ўмовы зняволення не прапарцыйныя цяжару злачынства;
- Арышт мае дыскрымінацыйны характар у параўнанні з іншымі асобамі;
- Зняволенне стала вынікам судовых разбіральніцтваў, якія мелі яўна несправядлівы характар і былі звязаныя з палітычнымі матывамі ўлады.
Адзінае, на чым мы настойваем і ў чым нас падтрымае большасць актыўных палітычных і сацыяльных актывістаў, — гэта тое, што кожны асобны выпадак пераследу варта разглядаць у выключным парадку.
У Беларусі аб'ектыўна існуе не так шмат палітычных арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў, каб усім зацікаўленым у развіцці нашага рэгіёна не хапіла часу на дэталёвы разгляд кожнага з кейсаў крымінальнага пераследу таго ці іншага актывіста.
Выкарыстоўваючы вышэйзгаданыя крытэрыі ПАСЕ для вызначэння палітвязня, ствараючы пры неабходнасці спецыяльныя камісіі з членаў розных палітычных партый і груп, каб выключыць палітычную заангажаванасць, выйшаўшы за рамкі «жорсткага» крытэрыю «вязня сумлення», члены нашай кампаніі ўпэўненыя, што разам мы маглі б зрабіць упэўнены крок насустрач свабодзе ў нашай краіне, забяспечыўшы ўпэўненасць у сабе ўсім нязгодным з бясчынствамі дыктатуры.

