Дзмітрый Русецкі - супрацоўнік International House у Мінску. Быў затрыманы 16 снежня 2021 года ў сябе дома. Сілавікі запісалі "пакаяльнае відэа", дзе мужчына прызнаўся ў тым, што хадзіў на акцыі пратэсту. За гэта яго асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
З намі звязаўся Мікалай Мамінаў - сябар Дзмітрыя, рэжысёр-дакументаліст, фатограф, журналіст IFJ Belgium. Сям'я Дзмітрыя адмаўляецца ад кантакту, таму Мікалай падзяліўся сваімі ўспамінамі пра сябра, каб вы маглі бліжэй пазнаёміцца з палітычным зняволеным.
З Дзімам я пазнаёміўся ў дзяцінстве, ва ўзросце 11-12 гадоў. Ён вельмі доўгі час жыў з мамай у сувязі з яго нервовай хваробай. Менавіта па гэтай прычыне яго потым не ўзялі ў войска. Дзіма цікавіўся жывёламі - катамі і сабакамі, і займаўся дрэсіроўкай, у яго нават і дыплом быў.
Па словах сябра, Дзмітрый не атрымаў адукацыі па сваіх асабістых прычынах, таму працаваў на розных работах. Ён быў грузчыкам, вартаўніком і рознарабочым. На момант свайго затрымання Дзмітрый Русецкі працаваў у International House (заўв. моўная школа) у Мінску. Ён выконваў работу сакратара: кантроль за экзаменамі, сувязь паміж офісамі, рассылка па электроннай пошце. Заснавальнікам школы быў яго бацька, які ўжо на пенсіі.
Дзмітрый Русецкі. Фота з архіва суразмоўцы
Дзмітрый - добры і спагадлівы чалавек. Ён заўсёды дапамагаў сваім сябрам, ці то паглядзець за дзецьмі, ці то дапамагчы з рамонтам. У любых жыццёвых сітуацыях Дзіма заўсёды прыходзіў на дапамогу.
Разам з Дзмітрыем наш суразмоўца хадзіў галасаваць і ўдзельнічаў у акцыях. Восенню 2020 года Мікалая арыштавалі па адміністрацыйным артыкуле. Ён правёў у зняволенні шмат дзён і ў выніку пакінуў краіну. Дзмітрый вырашыў застацца. Суразмоўца мяркуе, што Дзмітрыя Русецкага маглі вылічыць па геалакацыі.
Многія мае сябры цяпер знаходзяцца ў зняволенні: хтосьці там даўно, а хтосьці не. Я лічу, што неабходна падтрымліваць усіх нашых палітычных зняволеных. Пісаць лісты, паштоўкі - гэта важна, хоць і складана зрабіць так, каб яны трапілі да адрасата. Ад мяне, я баюся, лісты не дойдуць, таму я раблю свой унёсак праз ініцыятывы падтрымкі і праваабарончыя арганізацыі. Я думаю, што кожны можа знайсці для сябе прыдатны варыянт дапамогі.
Траўматычная зброя, якую ўжывалі сілавікі каля Рыгі (Мінск), архіў суразмоўцы
Не забывайце пра палітычных зняволеных, а таксама дасылайце любую інфармацыю пра крымінальны пераслед або зняволенне па палітычных матывах. Даслаць інфармацыю можна праз форму на сайце "Дадаць інфармацыю" або звязацца з намі па кантактах у апісанні Telegram-канала. Толькі дзякуючы вам мы можам збіраць актуальную базу рэпрэсаваных людзей і аказваць ім падтрымку.
