8 снежня ў дзяржаўных СМІ з'явіліся шматлікія сюжэты пра затрыманне "небяспечнай групы тэрарыстаў". Сярод затрыманых апынуліся маці з сынам - Ірына і Антон Мельхер.
Ірына Мельхер — індывідуальная прадпрымальніца і пенсіянерка. Ужо шмат гадоў гандлюе на рынку «Стары горад» у Брэсце. Апошнім часам, як і многія, яна шмат думала пра сітуацыю ў Беларусі і перажывала.
Антон шмат гадоў жыве з бацькамі: дапамагаў маме з прадпрымальніцтвам, бацьку-пенсіянеру з пасекай і агародам у вёсцы. Малады чалавек вывучаў мовы праграмавання, а за 2 месяцы да затрымання пачаў браць першыя дробныя заказы на распрацоўку і паспяхова з імі справіўся.

Ірыну і Антона затрымалі ў іх доме. Спачатку забралі Антона. Ірына паехала высвятляць, дзе ён знаходзіцца, а вярнулася са следчымі. Так з дому забралі абодвух, а таксама ўсю камп'ютарную тэхніку. Ніякіх дакументаў пра затрыманне або ператрус не пакінулі.
Муж Ірыны не мог нікому патэлефанаваць — застаўся са зламаным тэлефонам і хворымі нагамі (у той час ён перамяшчаўся толькі на кастылях). Пра затрыманне даведаліся толькі дзякуючы суседзям, якія зайшлі праверыць, ці ўсё ў парадку.
Абедзве камеры, у якіх знаходзяцца Ірына і Антон, у поўным складзе перахварэлі на Covid-19. Ірына Мельхер у СІЗА КДБ амаль не спіць, а нядаўна перанесла гіпертанічны крыз, яе самаадчуванне з кожным днём становіцца ўсё горшым.
Пасля таго, як КДБ унёс 17 чалавек у спіс "тэрарыстаў", сям'і пачалі прыходзіць паведамленні пра замарозку маёмасці, якая да гэтага была арыштаваная. Акрамя гэтага, цяпер нават на асабісты рахунак вязняў у СІЗА немагчыма адправіць грошы для атаварвання (грошы на асабістым рахунку зняволеных для пакупак у турэмнай краме). Сваякі рады і таму, што застаецца магчымасць перадаваць пасылкі.
Пра тое, як рухаецца справа, нічога невядома: адвакатам забаранілі нешта расказваць, следчыя таксама нічога не кажуць. Усе падрабязнасці сваякі, як і ўся Беларусь, даведваюцца толькі з рэпартажаў дзяржаўных тэлеканалаў. А тым часам Ірыне і Антону раз за разам падаўжаюць меру стрымання і пакідаюць у СІЗА.
