Юлію разам з маці затрымалі праз фота з жаночых маршаў. Але на ўсіх прадстаўленых выявах жанчыны стаяць на пешаходных сцежках. Вядома, што ў Юліі ёсць 4-гадовы сын. Разам з мужам Алесем Місуным яна займаецца лёгкай атлетыкай і рэгулярна бегае паўмарафоны. Алесь-адзін з самых паспяховых маладых прадпрымальнікаў Беларусі. Ён сузаснавальнік digital-агенцтва Qmedia.
Юлія і яе маці Тамара маюць уласны бізнэс-фірму "Каралеў Трэйд", якая існуе больш за 15 гадоў. Кампанія прадае паслугі і тавары ў сферы «прыгажосці, спа і велнес». Акрамя касметыкі, гэта яшчэ і апараты для стварэння спа-зон і салонаў прыгажосці, а таксама паслугі па афармленні салонаў пад ключ.
Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў "Маршы герояў" 13 верасня 2020 года ў Мінску і выхадзе на праезную частку. Як паведамляецца ў судовай пастанове, Юлія на плячах несла бел-чырвона-белы сцяг і паказвала рукой знак "V". На судзе жанчына паведаміла, што выходзіла са знаёмымі на праезную частку, каб сфатаграфавацца.
Мінчанку апазналі па фатаграфіі з акцыі пратэсту і з дапамогай звестак мабільнага аператара аб тэлефонных злучэннях яе абаненцкага нумара.
Акрамя гэтага ў судовай пастанове паведамляецца аб "актыўным садзейнічанні выкрыццю іншых удзельнікаў злачынства" з боку Юліі. Нібыта Юлія прадставіла асабістыя дадзеныя іншых удзельнікаў Маршу, якія былі разам з ёй на фатаграфіі. Яе адвакат прасіў улічыць гэты факт і змякчыць пакаранне. Але суд адмовіў, бо "абвінавачаная ўказала толькі абставіны здзейсненага ёю злачынства".
Да суда Юлія знаходзілася пад залогам памерам 18 500 рублёў. Юлія на момант суда была цяжарная.
