Пётр, прадпрымальнік і тэлемайстар, упершыню быў затрыманы ў красавіку 2021 года ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па артыкуле аб паклёпе. Нагодай паслужыў рэпост, зроблены ім 23 жніўня 2020 года на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "УКантакце" — публікацыя змяшчала выяву і каментар іншага аўтара, які тычыцца супрацоўніка Баранавіцкага РАУС. Пасля Пётр быў асуджаны і прыгавораны да абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, а таксама да выплаты штрафу.
У студзені 2023 года ён быў вызвалены на падставе закону аб амністыі ад 7 снежня 2021 года. Пазней у тым жа годзе яго зноў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП — за "распаўсюджванне, выраб, захоўванне або перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць".
У канцы красавіка 2024 года стала вядома аб новым затрыманні Пятра — па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых пратэстах, якія прайшлі ў жніўні 2020 года. Праз некалькі месяцаў ён быў асуджаны за "ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", і па рашэнні суда прыгавораны да пазбаўлення волі.











