Андрэй працаваў інжынерам у «Белдзяржпраекце».
27 лютага 2022 года ў Мінску адбыўся антываенны мітынг. На відэа, якое потым разышлося па інтэрнэце, Андрэй разам з яшчэ адным мужчынам ішоў у бок вайскоўца, а той адступаў. 2 сакавіка таго ж года Андрэя затрымалі і адразу запісалі з ім «пакаяльнае» відэа. На судзе ён распавёў, што яго кінулі на падлогу, пагражалі, у тым ліку сэксуальным гвалтам, пяць дзён не кармілі, а потым змясцілі ў карцар.
У жніўні 2022 года Андрэя прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», хоць ён нікога не чапаў, а толькі ішоў насустрач вайскоўцу, які адступаў. Сваю віну ён не прызнаў. У снежні таго ж года Вярхоўны суд вярнуў справу ў Мінскі гарадскі суд для ўхілення працэсуальных недахопаў.
Вызвалены ў верасні 2023 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.










