З прычыны невідавочнасці палітычнай складаючай мноства кейсаў рэпрэсіўнага крымінальнага пераследу ў Рэспубліцы Беларусь, абумоўленай маніпуляцыямі з боку следчых органаў і судоў, мы, кааліцыя праваабаронцаў, грамадзянскіх арганізацый і ініцыятыў, незалежных актывістаў і аб'яднанняў, заяўляем:
5 кастрычніка 2021 года Алег Баразна і Аляксандр Мацяюк былі прызнаныя вінаватымі па артыкулах 328 і 332 КК РБ і прысуджаныя судом Чыгуначнага раёна горада Віцебска да 2,3 і 9 гадоў калоніі адпаведна.
Абапіраючыся на інфармацыю пра тое, што Баразна і Мацяюк былі актывістамі "Краіны для жыцця" і каманды Святланы Ціханоўскай, за што неаднаразова падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу, незаконным затрыманням, штрафам, а таксама дзеянням, якія зневажаюць іх гонар і годнасць і выяўляюцца ў публікацыі кампраметуючай і абразлівай інфармацыі пра іх на праўладных рэсурсах, мы, кааліцыя праваабаронцаў, грамадзянскіх арганізацый, ініцыятыў, актывістаў і аб'яднанняў, заяўляем пра неабходнасць прызнання Алега Баразны і Аляксандра Мацяюка палітычнымі зняволенымі.
Пасля затрымання 9 лютага 2021 года на праўладных каналах з'явілася відэа, на якім Алег Баразна расказвае пра ўдзел у перадвыбарным штабе Святланы Ціханоўскай. Відэа, відавочна, запісана з прымяненнем фізічнага і псіхалагічнага ціску, таксама яго запіс суправаджаўся пагрозамі з боку сілавікоў.
Само затрыманне адбывалася падчас маштабнай аперацыі, у рамках якой па падазрэнні ў дзеяннях, прадугледжаных артыкулам 328 КК РБ, прадстаўнікі сілавых ведамстваў уварваліся з ператрусамі да ўсіх мясцовых актывістаў, якія раней затрымліваліся па адміністрацыйных артыкулах, звязаных з іх палітычнай і грамадзянскай дзейнасцю.
Менавіта з гэтым былі звязаныя і меры, прынятыя спецслужбамі для сачэння за мужчынамі, а менавіта ўсталяванне відэакамер у гаражы аднаго з затрыманых, што было агучана на судовых пасяджэннях.
Акрамя гэтага, першапачатковыя артыкулы, па якіх спрабавалі абвінаваціць актывістаў, былі звязаныя ў першую чаргу з палітычнай і грамадзянскай актыўнасцю зняволеных (арт. 283 КК РБ). Пасля артыкулы былі перакваліфікаваныя ў “наркатычныя”.
На працягу следства правы актывістаў неаднаразова парушаліся, самі яны падвяргаліся ціску, а іх адвакаты ў парушэнне закона знаходзіліся пад падпіскай аб неразгалошванні абставін і падрабязнасцей справы.
Дзеянні прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, а таксама следчых органаў і суддзяў парушаюць адразу шэраг прававых нормаў у дачыненні да зняволеных, яўна дыскрымінуючы іх і вылучаючы на фоне іншых крымінальных спраў:
- Артыкул 5 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (далей УДПЧ) аб недапушчальнасці катаванняў або бесчалавечнага, такога, што зневажае годнасць і гонар, абыходжання;
- Артыкул 9 УДПЧ аб недапушчальнасці адвольнага або незаконнага арышту;
- Артыкул 10 УДПЧ аб доступе да незалежнага і справядлівага суда;
- Артыкул 11 УДПЧ аб прэзумпцыі невінаватасці, пакуль віна чалавека не будзе даказана справядлівым незалежным судом.
таксама быў парушаны шэраг іншых асноватворных і безумоўных правоў чалавека, замацаваных у міжнародных дакументах.
Усё вышэйсказанае характарызуе карціну пераследу Алега Баразны і Аляксандра Мацяюка як пераслед з боку дзяржаўнай улады ў сувязі з іх палітычнымі поглядамі і грамадзянскай актыўнасцю.
Аляксандр Мацяюк і Алег Баразна павінны быць неадкладна вызваленыя з зняволення, адноўленыя ў правах і рэабілітаваныя.
Мы лічым наркапалітыку, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі, несправядлівай і празмерна жорсткай. Аднак, зыходзячы з абмежаванасці нашых рэсурсаў і спецыфічнай сітуацыі ў Беларусі, якая тычыцца менавіта палітычнага пераследу, мы не маем магчымасці аказваць неабходную прававую дапамогу несправядліва асуджаным па артыкуле 328 КК РБ.
У той жа час у Беларусі і за яе межамі існуе шэраг арганізацый і ініцыятыў, якія займаюцца менавіта гэтым пытаннем. Вы можаце звярнуцца туды па кансультацыю і дапамогу:
Legalize Belarus
Рух маці 328
МЦГІ “Наш Дом”
