Марыя — член прэзідыума Каардынацыйнай рады і кіраўнік штаба Віктара Бабарыка — была выкрадзена 7 верасня 2020 года і вывезена да беларуска-ўкраінскай мяжы для выправаджэння. Яна парвала пашпарт і адмовілася пакідаць краіну. 9 верасня яе затрымалі і змясцілі пад варту.
У верасні 2021 года яе асудзілі па артыкулах: «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», «заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання».
У лістападзе 2022 года Марыя перанесла аперацыю з-за прабадной язвы і перытанітам. З сакавіка 2023 года знаходзілася ў ПКТ. З-за праблем са здароўем не працавала, яе суправаджалі нават на пастраенні.
Марыя доўгі час утрымлівалася ў рэжыме інкамунікада. Улетку 2024 года стала вядома, што адміністрацыя ізалявала яе ад іншых зняволеных, з ёй увесь час знаходзіліся ахоўніцы. 12 лістапада 2024 года яна ўпершыню за 18 месяцаў сустрэлася з бацькам.
Сустрэча прайшла ў турэмным шпіталі, і дакладна невядома, ці знаходзілася яна на лячэнні ці яе прывялі туды з ПКТ. Да гэтага ад Марыі не было ніякай сувязі, а пра яе стан рабілася вядома толькі са слоў іншых зняволеных.
Пасля гэтай сустрэчы яна зноў была пазбаўлена сувязі з навакольным светам і працягвае ўтрымлівацца ў рэжыме інкамунікада.
У лютым 2025 года яе сястра паведаміла, што Марыю вярнулі ў атрад і выказала спадзяванне на аднаўленне сувязі.
13.12.2025 года была вызвалена пасля чарговага візіту ў Мінск спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа - Джона Коўла, і вывезена ва Украіну.
























