Максім, былы супрацоўнік АМАПа, звольніўся са службы ў 2012 годзе (рашэнне аб сыходзе прыняў яшчэ ў 2010-м пасля выбараў). Пазней ён з'ехаў жыць у Польшчу, аднак быў вымушаны вярнуцца ў Беларусь і 17 жніўня 2021 года быў затрыманы ў сябе дома ў аграгарадку Хацежына. Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіК запісалі з ім «пакаянае» відэа, у якім ён казаў пра свой удзел у падзеях 9–11 жніўня 2020 года. Пры гэтым праўладныя тэлеграм-каналы прадставілі яго як былога сілавіка, які звольніўся ў знак пратэсту ў 2020 годзе, што не адпавядала рэчаіснасці.
У лістападзе 2021 года Максім быў прызнаны вінаватым па артыкуле «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і прыгавораны да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
У верасні 2024 года адбылося судовае пасяджэнне па пытанні замены абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Вынік паседжання, як і факт прысутнасці на ім Максіма, невядомы.




