Крысціна — антырасістка. Яна скончыла ўніверсітэт у Гомелі і выкладала ў школе англійскую мову, потым як індывідуальная прадпрымальніца займалася афармленнем вяселляў. Крысціна спявае ў постпанк-гурце VIKT(A)R xOI. У сваім Instagram, на які былі падпісаныя амаль 15 тысяч чалавек, яна публікавала фатаграфіі, прысвечаныя субкультурнай модзе, і не хавала сваіх палітычных поглядаў.
У жніўні 2020 года міліцыя затрымала і збіла бацькоў яе мужа, і пасля гэтага Крысціна стала рэзка пісаць пра супрацоўнікаў міліцыі, а пасля нападу Пуціна на Украіну — публікаваць антываенныя пасты. 22 сакавіка 2022 года яе затрымалі за гэтыя публікацыі.
У першы дзень суда, 10 лістапада, Крысціна адмовілася даваць паказанні, таму на працэсе зачыталі яе паказанні на допытах. Эксперты не знайшлі ў пастах заклікаў да гвалту, толькі негатыўную ацэнку супрацоўнікаў міліцыі. Абвінавачанне патрабавала трох гадоў пазбаўлення волі.
У лістападзе 2022 года Крысціну прызналі вінаватай па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або розні», прыгаварыўшы да пазбаўлення волі ў калоніі. У сакавіку 2023 года пасля ператрусу на 15 содняў арыштавалі яе мужа.
Вызвалена ў красавіку 2024 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.


















