Ірыну чатыры разы судзілі за каментары пра сілавікоў у тэлеграме. У жніўні 2021 года яе прызналі вінаватай па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Абраза прадстаўніка ўлады», за слова «гніда», якое яна напісала пра начальніка ГУБАЗіК Андрэя Паршына ў канале «Карнікі Беларусі», прыгаварыўшы да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У лістападзе таго ж года Ірыну асудзілі паўторна за каментар «фашыст» пад фотаздымкам супрацоўніка міліцыі з Маладзечна Яўгена Калесеня. У сакавіку 2022 года яе прызналі вінаватай у трэці раз: 21 кастрычніка 2020 года пад фотаздымкам Віталя Куляшова ў тым жа канале яна напісала «Ну і рожа». Да жніўня 2020 года Куляшоў узначальваў Ганцавіцкі РУУС, потым яго знялі з пасады, і на момант каментара прадстаўніком улады ён ужо не быў. Куляшоў запатрабаваў з Ірыны 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
6 красавіка 2022 года Ірыну затрымалі, а 12 красавіка асудзілі ў чацвёрты раз на закрытым працэсе.







