Яўген скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву і факультэт фізічнай культуры МДПУ імя Шамякіна, але кар'еру ў спорце не пабудаваў: працаваў санітарам на бабруйскай хуткай дапамозе і таксістам.
У ноч на 30 сакавіка 2022 года яго затрымалі разам з Дзмітрыем Клімавым і Уладзімірам Аўрамцавым па справе аб падпале дзвюх рэлейных шаф сігнальнай устаноўкі на чыгунцы пад Асіповічамі. Пры затрыманні сілавікі ўжылі зброю; паводле звестак «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», затрыманых, якія не аказвалі супраціву, мэтанакіравана паранілі ў калені. У канцы ліпеня 2022 года Яўгена адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
У лютым 2023 года Яўгена прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Неданясенне аб злачынстве», у межах справы аб падпале рэлейных шаф.
Вызвалены ад пакарання ў лютым 2023 года: частку тэрміну скарацілі па амністыі, астатняе ён адбыў пад вартай да суда.


