У ліпені 2021 года Антона затрымалі ў мазырскім інтэрнаце, дзе ён жыў: у яго пакоі вісеў нацыянальны сцяг. Тады яго прыгаварылі да адміністрацыйнага арышту, а потым адпусцілі да заканчэння экспертыз. У лістападзе 2021 года Антона выклікалі на «прафілактычную гутарку» і зноў затрымалі, на гэты раз па крымінальнай справе.
Паводле версіі абвінавачання, улетку 2020 года Антон прыдумаў «Палескі шлях» — жывы ланцуг ад Мазыра да Калінкавічаў па ўзоры Балтыйскага шляху 1989 года, — а ў тэлеграм-каналах прапаноўваў блакаваць будынкі райвыканкама, міліцыі, пракуратуры і Следчага камітэта. Пры гэтым сама акцыя, якую яму ставілі ў віну, так і не адбылася.
У сакавіку 2022 года Антона прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай паводле артыкула «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», і прыгаварылі да пазбаўлення волі ў калоніі.
Вызвалены ў студзені 2024 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.
Аднак ужо праз месяц, у лютым 2024 года, Антона зноў судзілі, цяпер паводле адміністрацыйнага артыкула за «экстрэмісцкія матэрыялы». Вынік гэтага паседжання невядомы.



