Аляксей быў затрыманы пасля ненаўмыснага наезду на аўтамабіль ДАІ. Гэта адбылося пасля таго, як яго жонка, якая сядзела побач, закрычала — яна ўбачыла, як каля дарогі збіваюць чалавека. Ад нечаканасці вадзіцель аўтамабіля Nissan учыніў наезд на аўтамабіль ДАІ, які стаяў. Пасля затрымання, паводле яго слоў, яго збілі ў Маскоўскім РУУС; з чэрапна-мазгавой траўмай яго даставілі ў ізалятар на Акрэсціна. З канца снежня 2020 года па травень 2021 года Аляксей знаходзіўся пад хатнім арыштам, пасля чаго быў узяты пад варту да суда.
У верасні 2021 года Аляксея прызналі вінаватым па артыкулах «наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам або якое прывяло да шкоды ў буйным памеры» і «гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і прыгаварылі да пазбаўлення волі.
Па падліках праваабаронцаў, ён быў вызвалены восенню 2025 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.



