Аляксей вучыўся ў каледжы і займаўся страйкболам. ГУБАЗіК праслухоўваў тэлефоны яго і яго сябра Максіма Чыжэўскага.
11 жніўня 2020 года, падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, Аляксея і Максіма затрымалі ў цэнтры Брэста і пры затрыманні моцна збілі. Судмедэкспертыза налічыла ў Аляксея не менш за 42 пашкоджанні, у тым ліку сляды ўдараў па галаве і вывіхі зубоў, але заводзіць крымінальную справу супраць міліцыянтаў адмовіліся. Паводле версіі абвінавачання, хлопцы нібыта рыхтаваліся да ўдзелу ў пратэстах і купілі для гэтага нож для падводнага палявання, дымавую шашку, піратэхніку, рагатку і сродкі абароны.
Асобна Аляксея абвінавацілі ў нашэнні халоднай зброі, хоць гаворка ішла пра невялікі ножык са зламаным вастрыём, які ён насіў на заплечніку як сувенір.
У лютым 2022 года Аляксея прызналі вінаватым па крымінальнай справе, заведзенай паводле артыкулаў «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі», за падрыхтоўку да ўдзелу ў гэтых паслявыбарчых пратэстах і нашэнне нажа.
