Злата, студэнтка хімічнага факультэта БДУ, была затрымана 13 кастрычніка 2021 года па абвінавачанні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» і ўзята пад варту ў СІЗА да суда.
Злата стала вядома пасля фатаграфіі, зробленай 10 жніўня 2020 года на Нямізе журналісткай Вольгай Шукайла, якая хутка разляцелася па інтэрнэце і стала адным з сімвалаў жаночага пратэсту.
У снежні 2021 года яе асудзілі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту, прыгаварыўшы да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На судовым працэсе таксама прысутнічала прадстаўніца Мінсктрансу, якая прад'явіла Злаце матэрыяльны пазоў за ўсе выпадкі перакрыцця руху грамадскага транспарта ў той дзень у Менску. Суд пастанавіў задаволіць пазоў у поўным аб'ёме.
Злата была вызвалена пад падпіску аб нявыездзе на 10 дзён, пасля чаго ёй удалося пакінуць Беларусь.


