Віталь — пастар баптысцкай царквы «Святло Надзеі». Раней ён працаваў інжынерам на заводзе імя Казлова і кіраваў там пярвічнай арганізацыяй Свабоднага прафсаюза металістаў. У 2020 годзе Віталь актыўна ўдзельнічаў у прафсаюзным руху за сумленныя выбары і годныя ўмовы працы, і ў тым жа годзе яго звольнілі з завода праз прафсаюзную дзейнасць. У лістападзе 2020 года яго затрымалі і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у масавым мерапрыемстве.
19 красавіка 2022 года Віталя зноў затрымалі, у яго дома правялі ператрус і забралі тэхніку, а да суда яго ўтрымлівалі пад вартай: спачатку ў СІЗА КДБ, потым у СІЗА-1. Верагоднай прычынай пераследу стала прафсаюзная дзейнасць: у той жа дзень затрымалі і іншых удзельнікаў прафсаюзнага руху.
У лістападзе 2022 года Віталя прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх», за ўдзел у пратэстах 2020 года, прыгаварыўшы да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.



