Віталь — заўзятар мазырскай футбольнай каманды «Славія». 4 траўня 2021 года яго затрымалі разам з яшчэ дзесяццю людзьмі, у асноўным такімі ж заўзятарамі. Улады назвалі іх «удзельнікамі каляфутбольнай групоўкі праварадыкальнай накіраванасці» і абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, якія праходзілі ў Мазыры ў жніўні 2020 года.
У красавіку 2022 года Віталя прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкулах «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» і «Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», прыгаварыўшы да пазбаўлення волі ў калоніі.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, ён быў вызвалены ў чэрвені 2023 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.

