Вікторыя разам з мужам выхоўвае 13 дзяцей, дзевяць з іх прыёмныя. Яна займалася грамадскай дзейнасцю і дамагалася ад мясцовых улад вырашэння гарадскіх праблем. Пасля выбараў 2020 года Вікторыя перавяла дзяцей на індывідуальнае навучанне з-за недаверу да настаўнікаў і стварыла адукацыйны праект «Свабодная школа».
У лютым 2021 года на сям’ю напісалі данос, прыняўшы за «БЧБ-сімволіку» белыя навагоднія вянкі з чырвонымі стужкамі. У жніўні таго ж года ў Вікторыі правялі ператрус па крымінальнай справе пра паклёп у адносінах да Лукашэнкі. Падставай стаў яе каментар «Лукашэнка забіў яшчэ аднаго беларуса», пакінуты ў жніўні 2020 года ў тэлеграм-чаце «Пружаны» пад публікацыяй пра гібель Генадзя Шутава.
У сакавіку 2022 года Вікторыю прызналі вінаватай па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле пра паклёп у адносінах да Лукашэнкі, прыгаварыўшы да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У лістападзе 2022 года Вікторыю арыштавалі на 10 содняў за парушэнне парадку адбывання пакарання: яна не прыйшла на адзнаку ў РАУС.


