Упершыню Віктара затрымалі і асудзілі па адміністрацыйным артыкуле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ — «распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць» у ліпені 2024 года. Пасля гэтага на яго была заведзеная крымінальная справа.
У снежні таго ж года адбылося судовае паседжанне па артыкуле «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Падрабязнасці і акалічнасці справы невядомыя.
Па тым жа артыкуле Віктар быў асуджаны ў судзе Маскоўскага раёна горада Мінска, верагодна, летам 2025 года, і прыгавораны да пазбаўлення волі.
13 снежня 2025 года ён быў вызвалены пасля візіту ў Мінск спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа — Джона Коўла — і вывезены ва Украіну.



