Юрый быў асуджаны ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па артыкуле аб абразе Лукашэнкі. Нагодай для пераследу стаў ягоны тэлефонны зварот у міліцыю 3 верасня 2020 года — пасля смерці Генадзя Шутава, з якім Юрый быў асабіста знаёмы. Паводле яго слоў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, ён вырашыў выказацца наконт таго, што адбываецца, і патэлефанаваў па нумары 102.
У той самы дзень Юрый быў затрыманы. Пры затрыманні супрацоўнікі сілавых структур прымянілі да яго фізічную сілу, у выніку чаго ён атрымаў пераломы рэбраў і сківіцы. Таксама яму было прызначана адміністрацыйнае пакаранне — 7 сутак арышту. На судовым паседжанні ён паведаміў, што не звяртаўся з заявай аб факце збіцця, лічачы сябе «нявартым увагі» і дадаўшы, што «ведаў, за што атрымаў». Віну Юры прызнаў у поўным аб'ёме.
Вызвалены ў снежні 2022 года, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання, прызначаны судом.


