Павел скончыў факультэт радыётэхнікі і нанатэхналогій БДУІР і працаваў на «Інтэграле» ў Мінску. Ён католік, разам з сястрой пастаянна хадзіў на службы ў маладзечанскі касцёл, скончыў музычную школу па класе фартэпіяна.
У сакавіку 2021 года ў Паўла дыягнаставалі лімфому Ходжкіна чацвёртай стадыі. 26 студзеня 2022 года яго затрымалі: родным спачатку сказалі, што на трое сутак, але потым пакінулі пад вартай да суда, нягледзячы на дакументы пра неабходнасць лячэння. У зняволенні яго стан пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс.
У чэрвені 2022 года Паўла прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па некалькіх артыкулах, у тым ліку па артыкуле аб абразе Лукашэнкі і артыкуле «Пагроза ў дачыненні да суддзі або народнага засядацеля», за каментары ў маладзечанскім тэлеграм-чаце.
У ліпені 2022 года яму прысвоілі першую групу інваліднасці. У калонію Паўла так і не накіравалі: яго трымалі ў турэмным шпіталі, дзе хіміятэрапія не дапамагала, а перасадка касцявога мозгу ў зняволенні была немагчымая. Прашэнне аб памілаванні, якое ён спрабаваў перадаць, яму вярнулі.
Вызвалены па памілаванні ў жніўні 2024 года: з турэмнага шпіталя яго прывезлі ў гарадскі з пнеўманіяй.









