Згодна старонцы ў сацсетцы «Вконтакте», Зыкун скончыў БДМУ (мінскі медуніверсітэт) у 2016 годзе. Жыве і працуе ў Брэсце ўрачом-уролагам абласной бальніцы. Зімой 2023 года затрымліваўся за донаты. "Органы" абавязалі выплаціць матэрыяльную дапамогу дзіцячаму дому ў шматразовым памеры. Пасля гэтага доктар быў пад пільнай увагай сілавікоў. Адміністрацыя ўсяляк ціснула на яго праз намесніка галоўнага лекара па ідэалогіі.
Па версіі абвінавачання , Алег Зыкун наўмысна і незаконна распаўсюджваў персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў МУС. Самі персанальныя дадзеныя ўзяў, як мяркуецца, з тэлеграм-канала "Nexta" (таму што там выкладвалася падобная інфармацыя). А затым "распаўсюджваў" іх у лакальнай сетцы на працы, што было выяўлена летам 2023 года. Сам Зыкун да лета 2023 года не падазраваў, што ў яго тэчцы ў лакальнай працоўнай сетцы ёсць файл з імёнамі і тэлефонамі супрацоўнікаў МУС. Але гэты спіс знайшлі ў межах адміністратыўнай справы ў ліпені-2023 пры аглядзе тэхнікі мужчыны.
На судзе Зыкун прызнаў свае дзеянні. Але не прызнаў намеру распаўсюджваць дадзеныя супрацоўнікаў МУС (на чым настойвае дзяржабвінавачанне).

