Алег — уладальнік YouTube-канала "Трэці рэгіён Беларусь", быў затрыманы ў студзені 2022 года, калі вярнуўся ў Беларусь на навагоднія святы.
Алега абвінавацілі ў дэананімізацыі сілавікоў і ў тым, што, знаходзячыся за мяжой, ён нібыта працягваў "размяшчаць у сацсетках інфармацыю антыдзяржаўнага характару і прапагандаваць супраціўленне прадстаўнікам улады". На сваім канале ён публікаваў відэа з акцыяў салідарнасці беларусаў у Кіеве, дзе жыў з 2020 года. Таксама яму паставілі "цынічныя каментары" пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.
У верасні 2022 года ён быў асуджаны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, уключаючы "распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці". Суд прыгаварыў яго да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і абавязаў выплаціць буйную кампенсацыю.
У ліпені 2023 года Алега паўторна асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы" — абвінавачванне, якое часта ўжываецца да палітвязняў, якія адмаўляюцца супрацоўнічаць з турэмнай адміністрацыяй. У верасьні таго ж году зьявілася інфармацыя, што яго перавялі на турэмны рэжым.
Стала вядома, што ў першай палове лета 2025 года ў дачыненні да Алега адбылося яшчэ адно судовае паседжанне па тым жа артыкуле за "непадпарадкаванне". Разгляд апеляцыйнай скаргі мусіў адбыцца ў сярэдзіне ліпеня.










