Жанчыну абвінавацілі ў тым, што падчас трох акцый пратэсту яна выходзіла на праезныя часткі і "блакавала і заступала шлях транспартным сродкам". Наталля на судзе віну прызнала поўнасцю. Яна расказала, што сапраўды з іншымі асобамі брала ўдзел у трох Маршах, аб правядзенні якіх даведалася са СМІ і навін. Разумела, што правядзенне гэтых масавых мерапрыемстваў было абумоўлена грамадска-палітычнымі падзеямі ў дзяржаве, аднак "паставілася да свайго ўдзелу ў іх несур'ёзна". Падчас удзелу ў Маршах Наталля рабіла фатаграфіі сябе і мужа, а таксама асоб, якія ўдзельнічалі ў Маршах, на свой тэлефон. Усяго міліцыянеры знайшлі сем фатаграфій з пратэстаў, якія захаваліся на воблачным сховішчы. У пратаколах агляду некаторых фота ўказана, што "фатограф размяшчаецца на праезнай частцы дарогі".
З прыгавору, які апублікаваны на pravo.by, вынікае, што фота з пратэстаў жанчыны знайшлі на тэлефоне падчас выкліку ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска.
Да суда Наталля ўтрымлівалася пад залогам у памеры 8000 рублёў.