Марк — прадпрымальнік і IT-спецыяліст, адзін з самых актыўных аўтараў рускамоўнай «Вікіпедыі»: з 2008 года ён унёс у яе артыкулы больш за 200 тысяч правак.
У сакавіку 2022 года ананімны расійскі тэлеграм-канал «Мракаборац» абвінаваціў Марка ў распаўсюдзе «фэйкаў»: ён быў адным з рэдактараў артыкула пра ўварванне ва Украіну. Неўзабаве яго затрымаў ГУБАЗіК, а ў тэлеграм-канале ведамства з’явіўся здымак Марка з подпісам пра тое, што ён «распаўсюджвае фэйкавыя антырасійскія матэрыялы». Марку прызначылі 15 содняў адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаванне пры затрыманні, але пасля арышту на волю не адпусцілі.
У чэрвені 2022 года Марка прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх», прыгаварыўшы да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пазоў «Мінсктранса» аб кампенсацыі шкоды за «блакіроўку» дарог суд вылучыў у асобную грамадзянскую вытворчасць.



