Вядома, што Марыя, удава Андрэя Зельцэра, у 2020 годзе збірала подпісы за кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую. Пры гэтым у пратэстных акцыях яна ўдзелу не брала, бо ў яе быў маленькі сын.
28 верасня 2021 года Марыя была затрымана ва ўласнай кватэры падчас перастрэлкі паміж яе мужам Андрэем Зельцэрам і супрацоўнікамі КДБ.
У той дзень супрацоўнікі КДБ праводзілі ў Менску ператрусы і затрыманні людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстных акцыях 2020 года. Калі сілавікі прыйшлі да кватэры Зельцэраў, Андрэй Зельцэр адмовіўся адчыніць дзверы супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія былі апранутыя ў цывільнае адзенне і не мелі службовых знакаў адрознення. Ён заблакаваўся ў кватэры разам з Марыяй, узброіўшыся паляўнічай стрэльбай. Пры гэтым абодва вялі відэаздымку таго, што адбываецца.
Пасля таго як дзверы былі ўзламаныя, Зэльцэр адкрыў агонь з паляўнічай стрэльбы па супрацоўніках КДБ, якія ўварваліся ў кватэру. У выніку быў паранены супрацоўнік КДБ Зміцер Федасюк, які ў той жа дзень памёр у шпіталі. Агнём у адказ Андрэй Зэльцэр быў застрэлены.
У траўні 2022 года пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Марыі. Яе абвінавачвалі па артыкуле аб забойстве асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці, здзейсненым агульнанебяспечным спосабам. Справа разглядалася ў асаблівым парадку — як у дачыненні да асобы, які здзейсніў грамадска небяспечнае дзеянне ў стане шалёнасці або захварэў на псіхічныя расстройствы пасля здзяйснення злачынства.
У чэрвені 2022 года суд пастанавіў прымяніць да Марыі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары да акрыяння.



