Дзяўчына некалькі гадоў жыла ў Вільні, але напрыканцы 2025 года вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Крысціна пасялілася ў вёсцы, запісвала нейтральныя відэа і ніяк не прыцягвала ўвагі да сябе.
«Жаданне вярнуцца на родную зямлю аказалася мацнейшым за ўсё астатняе. Ніякай каштоўнай інфармацыяй я не валодаю, думала я, і, хутчэй за ўсё, нікому не цікавая. Але ўсё склалася інакш. Некаторыя людзі з эміграцыі на хвалі сваёй шызы і канспіралагічных тэорый мэтанакіравана арганізавалі мне пекла на зямлі і калектыўнае цкаванне (мэтай якой было пасадзіць мяне ў турму, на бутэльку і далей па тэксце). Гэта значыць, у іх мірах, калі нейкі чалавек змог вярнуцца ў Беларусь і не сесці, значыць, іх абавязак - чалавечка пасадзіць», - напісала Крысціна Васіна ў сацсетках у лютым 2026 года.
Гаворка ішла пра кампанію цкавання з боку блогераў Ксеніі Пляшковай, Сяргея Петрухіна, Алесі Пархоменка, якія спрабавалі прыцягнуць увагу сілавікоў да таго, што Васіна нібыта была датычная да дзейнасці Офіса Ціханоўскай.
У выніку да Васінай усё ж прыйшлі. Невядома, па якім з палітычных артыкулаў яе судзілі. Пракуратура запытвала для яе тэрмін у калоніі, але ў выніку дзяўчына атрымала 2,5 гады хіміі з накіраваннем.
