1 сакавіка 2022 года Іван чырвонай фарбай напісаў на бетонным плоце «НЕ ВАЙНЕ»: так ён адрэагаваў на навіны пра вайну ва Украіне. Адразу пасля гэтага яго затрымалі супрацоўнікі АМАПа. Пазней, з 21 па 24 сакавіка, Івана ўтрымлівалі пад вартай, пасля чаго адпусцілі да суда.
Абвінавачанне сцвярджала, што надпіс прыкметна пагоршыў знешні выгляд плота, а шкоду «Аўтакамбінату №2» ацаніла ў 14 рублёў 59 капеек. Гэтую суму Іван пакрыў яшчэ да прысуду.
У траўні 2022 года яго прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай паводле артыкула «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», за гэты надпіс, прыгаварыўшы да арышту.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, ён быў вызвалены ў снежні 2022 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.

