Дзяўчына з'яўляецца грамадзянкай Украіны, родам з горада Херсон. Яна вучылася ў Кітаі, скончыла там універсітэт у 2015 годзе, а ў 2016 годзе пераехала ў Беларусь. У Беларусі працавала перакладчыцай з кітайскай.
Кацярыну затрымалі пры праходжанні беларускай мяжы. Ад яе запатрабавалі даць на праверку тэлефон, яна падала яго супрацоўнікам разам з паролямі. Беларускія сілавікі знайшлі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла 2 відэа ў чат-бот рэдакцыі "Люстэрка". На відэа было перамяшчэнне расійскай ваеннай тэхнікі пад Мінскам, якое яна сама захавала.
12.12.2023 адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі. Прысуд уступіў у сілу.
Увечары 28 чэрвеня 2024 года з'явілася раптоўная інфармацыя аб вызваленні з беларускіх калоній пяці палітвязняў. Украінскія ўлады дабіліся вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных. Так на волі аказаліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы ў Мачулішчах" Мікалай Швец. Умовы абмену не паведамляюцца. Адзначаецца, што ўдзел у вызваленні прыняў Ватыкан. Вызваленых палітвязняў даставілі ва Украіну 28 чэрвеня - у СМІ з'явілася іх фота з аэрапорта "Жуляны".




















