Артура затрымалі 15 снежня мінулага года і склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння за” выраб, распаўсюджванне і (або) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў” (арт. 19.11 КаАП). Пазней з'явілася “пакаянае відэа”, дзе мужчына кажа, што нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плану "Перамога" і ўдзельнічаў у пратэстах. Таксама яго прымусілі сказаць, што ён быў падпісаны на "дэструктыўныя каналы" і дасылаў інфармацыю ў чат-боты Nexta, "Голас", "Беларусь галаўнога мозгу".
Па матэрыялах абвінавачання , Артур Філіпаў неаднаразова “прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады-супрацоўнікаў АУС, а менавіта, рухаўся па праезнай частцы дарог і тратуараў, у тым ліку ў складзе калоны, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам". У справе фігуруюць эпізоды яго ўдзелу ў пратэстах 23 і 30 жніўня, 13 і 20 верасня 2020 года.
У судовым паседжанні Філіпаў віну ў прад'яўленым абвінавачанні прызнаў часткова, растлумачыў, што 23.08.2020 пры ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на праезную частку не выходзіў. Ад дачы паказанняў адмовіўся.
