Наста — вядомая беларуская праваабаронца. Са жніўня 2021 года яна была падазраванай у крымінальнай справе, звязанай з дзейнасцю арганізацыі «Вясна».
6 верасня 2022 года пасля наведвання судовага паседжання па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» Наста была двойчы асуджаная за «дробнае хуліганства» і правяла 30 сутак у зняволенні. Праз тры тыдні, 28 кастрычніка 2022 года, яе затрымалі ізноў. На судзе яна заявіла аб катаваннях: супрацоўнікі ГУБАЗіК ударылі яе электрашокерам і пакінулі на восем гадзін на холадзе без верхняга адзення, з-за чаго Наста захварэла. У зняволенні на Акрэсціна яна знаходзілася без цёплых рэчаў і сродкаў асабістай гігіены.
28 лістапада 2022 года Наста зноў была асуджаная на 15 сутак па артыкуле 19.1 «дробнае хуліганства». У сярэдзіне снежня яе перазатрымалі ў шосты раз па тым жа артыкуле, а ў канцы месяца прад'явілі абвінавачанні па крымінальных артыкулах і перавялі ў СІЗА-1. Па версіі абвінавачання, адзін з яе праваабарончых дакладаў аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў 2018 годзе ўтрымліваў негатыўную ацэнку дзеянняў міліцыі, што стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Праваабаронцы адзначаюць, што такое тлумачэнне артыкула не адпавядае міжнародным стандартам.
Амаль увесь судовы працэс, які пачаўся 13 чэрвеня 2023 г., праходзіў у закрытым рэжыме. 3 кастрычніка 2023 года была разгледжана апеляцыйная скарга. У ліпені 2025 года Наста была змешчаная на шэсць месяцаў у ПКТ.
19 сакавіка 2026 года яна была вызвалена пасля чарговага візіту ў Мінск спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа — Джона Коўла і вывезена ў Літву.





















